Пра гэта гаворыцца ў супольным расьсьледаваньні «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру», праекту ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода «Схемы» і Gazeta Wyborcza.
Як высьветлілі журналісты, пасьля таго, як у сакавіку 2022 году Эўразьвяз увёў забарону на імпарт беларускай драўніны, значная частка якой традыцыйна пастаўлялася ў Эўропу (штогод на суму каля мільярда эўра), экспарт драўніны з Казахстану і Кіргізстану ў ЭЗ вырас у дзясяткі і нават тысячы разоў. Насамрэч часткова гэта быў беларускі лес, які вывозілі ў Эўропу, выкарыстоўваючы схемы ўскоснага рээкспарту і падробленыя дакумэнты, гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Асабліва прыкметнае павелічэньне аб’ёмаў імпарту вырабаў з дрэва з Казахстану. Паводле зьвестак Эўрастату, на працягу 2022-2023 гадоў драўніны з гэтай краіны завезьлі на рэкордныя каля 126 мільёнаў эўра. Большасьць паставак — у Польшчу. Летась імпарт драўніны з Казахстану ў Польшчу вырас амаль у 5 разоў у параўнаньні з 2022 годам: з 14 мільёнаў эўра да амаль 68 млн. І гэта пры тым, што да поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Казахстан, лясістасьць якога складае ўсяго 5% тэрыторыі, амаль не пастаўляў драўніну ў Эўропу.
Журналісты прааналізавалі адзін з кантрактаў паміж казахстанскай фірмай «Нурр-электра» і польскай PLRBL на пастаўку сасновага палісада коштам каля мільёна эўра. Кантракт датаваны кастрычнікам 2022 году, пастаўка — пачаткам 2023 году.
Высьветлілася, што подпісы і пячаткі на дакумэнтах казахстанскага «Нурр-электра» былі сфальсыфікаваныя і, як адзначылі два незалежныя экспэрты ў галіне графічнага дызайну, накладзеныя на дакумэнты з дапамогай фотарэдактара.
Акрамя таго, юрыст казахстанскай кампаніі «Нурр-электра» Арман Тульевіч у камэнтары журналістам адзначыў, што «ніякіх фінансавых апэрацый па такой дамове не было, ня тое што тавару» і «такой маркі ў нас няма». А прадстаўнік беларускай кампаніі-перавозчыка «Gallardo» прызнаўся, што тавар зь Беларусі:
«Мы з Казахстану і ня везьлі яе (драўніну. — Рэд.). Мы зь Беларусі везьлі, нам загрузілі. Якія дакумэнты далі, такія далі, мы па іх і везьлі», — сказаў ён журналістам.
Як высьветлілі журналісты з дапамогай крыніц на рынку, партыя драўніны ішла зь беларускага прадпрыемства, уладальнікам якога зьяўляецца Алег Яновіч, гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Адзіны ўладальнік польскай кампаніі-пакупніка PLRBL Алег Яновіч адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў.
У адказе на запыт МЗС Польшчы адзначыла, што пытаньне ўхіленьня ад санкцыяў не ўваходзіць у іх кампэтэнцыю. Мытная служба Польшчы адзначыла, што ня мае фізычнай магчымасьці праверыць усе мытныя дэклярацыі.
МУС Польшчы адказала, што па выкладзеных у запыце журналістаў фактах пачалі расьсьледаваньне, аднак ад далейшых камэнтароў ведамства ўстрымалася.
Расьсьледаваньне цалкам можна пачытаць па спасылцы.