Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» з спасылкай на польскае выданьне wiadomosci.wp.pl.
«Калі б усё залежала ад мяне, Анджэй Пачобут, вядома, быў бы на волі», — заявіў кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства. Аднак, падкрэсьліў міністар, палітвязень «знаходзіцца ва ўладзе аўтарытарнага рэжыму».
Сікорскі ня стаў удакладняць, з кім менавіта абмяркоўваў гэтую тэму, а таксама прыводзіць іншыя падрабязнасьці: «Давайце дазволім перагаворнікам дзейнічаць абачліва».
Кіраўнік МЗС Польшчы знаходзіўся з візытам у ЗША ў канцы лютага.
21 лютага Міжнародная праваабарончая арганізацыя PEN International запатрабавала неадкладна вызваліць Пачобута.
- 16 студзеня падчас наведваньня Менскага гарадзкога тэхнапарку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Варшава «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».
- Пасьля вынясеньня палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
- 30 кастрычніка 2024 году Сікорскі падчас выступу ў Сэнаце заявіў, што Варшава «рознымі каналамі» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца Пачобуту, «асуджанаму ў фіктыўнай справе на восем гадоў калёніі».
- 29 жніўня кіраўнік МЗС Польшчы паведаміў, што для вызваленьня журналіста Варшава «спрабуе розныя ідэі». Міністар выказаў надзею, што «адна зь іх нарэшце дасьць вынік».
- Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 24 жніўня 2023 году заявіў, што Варшава працягвае працу для вызваленьня Пачобута.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
Форум