Пра гэта піша партал «Люстэрка».
Ідэю рэфармаваць цэнавае рэгуляваньне Турчын агучыў 18 сакавіка ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны». На думку прэмʼера, у сьпісе павінны застацца толькі пазыцыі, якія «хвалююць большасьць людзей і ўплываюць на малазабясьпечаныя неабароненыя пласты насельніцтва».
Праз дзесяць дзён Аляксандр Лукашэнка прыгадаў прапанову кіраўніка ўраду.
«Новы прэмʼер-міністар пачынае варушыць старызну, маўляў: „Ну чаго там мы парымся, давайце скароцім напалову ці на траціну кантраляваныя тавары, няхай яны (прадаўцы. — Рэд.) самі там павялічваюць цану як хочуць, а вось гэтыя сацыяльна значныя тавары — гэта важна“. А хто сказаў, што гэта сацыяльна значныя? Магчыма, аўтамабіль для нас ужо перастаў быць сацыяльна значным. Ці ён сацыяльна значны? Ці залаты пярсьцёнак? Хіба гэта не сацыяльна значны тавар?» — абурыўся Лукашэнка.
Наконт прапановы зьмяніць канцэпцыю цэнаўтварэньня ён зазначыў, што калі «мы старымі шляхамі пойдзем, то мы наўрад ці нешта выпрацуем».
Падчас нарады Лукашэнка таксама папракнуў прэмʼер-міністра Турчына і ягоны ўрад у тым, што тыя «наагул ня бачаць» прадпрымальнікаў, якія «раскідалі свой заробак па розных банках», атрымліваюць «у 100 разоў» больш, чым шараговыя супрацоўнікі іхных кампаніяў і «вывозяць капітал за межы краіны».
«Пракуратура маўчыць. Камітэт дзяржаўнага кантролю заўважыў і мне расказаў. Урад увогуле ня бачыць. Ну, напэўна, яго, Турчына, не паінфармавалі. Вось гэтага не павінна быць», — адзначыў Лукашэнка.
Форум