Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 14 гадоў да 74. «Вясна» расказала пра беларускіх «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў»


Павал Сапелка зь «Вясны» прэзэнтуе новую справаздачу пра свабоду меркаваньняў.
Павал Сапелка зь «Вясны» прэзэнтуе новую справаздачу пра свабоду меркаваньняў.

Праваабаронцы «Вясны» прааналізавалі стан свабоды слова і меркаваньняў з сакавіка 2023 году. Аўтары справаздачы аб прававой сытуацыі ў Беларусі не хаваюць, што сама яе назва — «Абмежаваньні свабоды выказваньня меркаваньняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам» — заяўляе пра тэндэнцыю.

5 красавіка справаздачу прэзэнтавалі ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні.

Якая прапаганда забароненая?

Свабода выказваньняў гарантаваная Дэклярацыяй аб усеагульных правах чалавека, Міжнародным актам аб грамадзянскіх і палітычных правах ды іншымі дакумэнтамі, падпісанымі Беларусьсю як сябрам ААН. Паводле іх, нагадваюць праваабаронцы «Вясны», наўпрост забароненая толькі прапаганда нянавісьці, падбухторваньне да нянавісьці і падбухторваньне, якое можа прывесьці да дыскрымінацыі, гвалту і варажнечы.

Усе іншыя выказваньні думак і меркаваньняў, у тым ліку на праблемныя і балючыя тэмы, міжнароднае права дазваляе. Пры гэтым караць праз крымінальны закон за пералічаныя віды забароненай прапаганды міжнароднае права дазваляе ў выключных выпадках.

«Абмежаваньні павінны трактавацца вузка і не ствараць пагрозы для самога права на свабоднае выказваньне меркаваньняў», — нагадваюць міжнародныя нормы праваабаронцы «Вясны». Што ж, на іх думку, адбываецца ў Беларусі з 2023 году?

Паводле зьвестак «Вясны», якая спасылаецца на сайт Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, на канец лютага 2024 году ў сьпісе датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці было 3819 грамадзянаў Беларусі і замежнікаў. З сакавіка мінулага году іх стала больш на 1332 чалавекі, амаль на 35%. «Чэмпіёнам» сярод артыкулаў Крымінальнага кодэксу, за які людзей уключалі ў «сьпіс экстрэмістаў», стаў гэтак званы «народны артыкул» 342 — за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ён забясьпечыў больш за палову прыбаўкі — 740 новых «экстрэмістаў».

Далей у сьпісе ідуць артыкул 368 пра абразу прэзыдэнта (230 абвінавачаных), 130-ы артыкул пра распальваньне варажнечы (202 абвінавачаныя) і яшчэ два артыкулы Крымінальнага кодэксу. Зь іх толькі ў 361-1 артыкуле вядзецца пра экстрэмізм (гэта «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»). Такіх асуджаных за мінулы год было зарэгістравана 91.

Падчас прэзэнтацыі сваім назіраньнем падзяліўся праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка: мінімальны ўзрост «экстрэмістаў», што папоўнілі сьпіс, быў 14 гадоў. Максымальны — 74 гады.

«Гэта сьведчаньне таго, што рэпрэсіі накіраваныя на максымальна шырокія колы беларускага грамадзтва. Калі паглядзець на дадзеныя пра сацыяльны склад, мы ўбачым, што сярод людзей, якіх залічылі ў экстрэмісты, ёсьць фактычна ўсе слаі беларускага грамадзтва. Там і звычайныя працаўнікі, студэнты, школьнікі, але і навукоўцы, чыноўнікі».

У экстрэмістах дагэтуль Ашурак і Пушкін

Адносна агульнай лічбы — 3819 «экстрэмістаў» — Павал Сапелка мяркуе, што яна ня поўная, бо не пра ўсе выпадкі асуджэньня за экстрэмізм праваабаронцам вядома.

«Іх значна больш, чым пазначана на сайце МУС. Чаму гэтак — і для мяне пытаньне без адказу. Шмат пра каго зьвесткі міліцыянты ня ўнесьлі, але ёсьць выпадкі, калі ў сьпісе тыя, хто там не павінен быць. Прыкладам, людзі, накіраваныя на псыхіятрычнае лячэньне. Таксама там дагэтуль тыя, хто загінуў за кратамі. У тым ліку Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін. Усе загінулыя палітвязьні — дагэтуль там», — сьцьвярджае праваабаронца.

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі налічваецца каля 1500 палітвязьняў. Павал Сапелка патлумачыў, чаму сьпіс «экстрэмістаў» аказаўся ўдвая большы.

«Вельмі проста. У сьпісе „экстрэмістаў“ толькі тыя, хто ўжо асуджаны, але ня толькі да пазбаўленьня волі. Такіх недзе 40%, і ня ўсе зь іх з розных прычын прызнаныя палітвязьнямі. Але асноўнае, што ў сьпісе „экстрэмістаў“ застаюцца тыя, хто ўжо адбыў свой тэрмін. Яшчэ цягам 5 гадоў пасьля пагашэньня судзімасьці гэтыя людзі будуць лічыцца „экстрэмістамі“. Мы прадбачым, што яны пацярпяць у рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў», — кажа Павал Сапелка і пералічвае ўразьлівыя зоны.

Гэта, паводле праваабаронцы, забарона займаць дзяржаўныя пасады, служыць у войску, выкладаць і нават займаць некаторыя пасады ў ахове здароўя. Таксама ёсьць абмежаваньне ў выкарыстоўваньні фінансавых інструмэнтаў.

«Гэтыя захады закладзеныя ў закон „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму“, але ў новых актах, якія цяпер прымаюць, ужо зьявіліся новыя абмежаваньні. Прыкладам, нельга быць заснавальнікам рэлігійнага аб’яднаньня, нельга засноўваць мэдыя. Гэта ўжо падстава для ліквідацыі СМІ, калі яно раней зарэгістравана. Згадайма і нядаўні закон „Аб амністыі“ — паводле яго „экстрэмісты“ не падпалі пад амністыю», — расказаў Павал Сапелка.

Праваабаронца ня выключыў, што тэндэнцыя на новыя абмежаваньні для тых, хто браў удзел у пратэстах і за гэта апынуўся ў экстрэмістах, будзе пашырацца.

Яшчэ статыстыка ад «Вясны»: сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» за год папоўнілі 62 суб’екты, а ўсяго ў ім 181 пазыцыя. «Гэта таксама сьведчыць і пра грубыя парушэньні ў Беларусі свабоды аб’яднаньняў», — мяркуе Павал Сапелка і адзначае, што гэты працэс паскараецца. Паводле «Вясны», за два месяцы 2024 году ў сьпіс дадалося 12 пазыцый.

«Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам павялічваюцца рэпрэсіі супраць грамадзтва паводле палітычнага чыньніку, зьніжэньня гэтай тэндэнцыі нашы праваабаронцы ня бачаць», — падсумаваў прадстаўнік «Вясны» Павал Сапелка.

«Тэрарыст» сталага веку за лайк у Фэйсбуку

Такія ж сумныя ацэнкі ў справаздачы «Вясны» і адносна «тэрарыстаў». Паводле сьпісу, які праваабаронцы знайшлі на сайце КДБ, у ім 163 чалавекі. Зь якіх прычын людзі становяцца «тэрарыстамі», праваабаронцу Паўлу Сапелку не заўсёды зразумела.

«Нехта трапіў туды за падпал ціра, а некаторыя выключна за выказваньні — такіх ажно 32. Альбо паводле 361 артыкула Крымінальнага кодэксу — за заклікі да санкцый. Альбо там можна знайсьці сталага веку людзей, якія паставілі лайк пад зусім бяскрыўдным пастом, але гэты пост мае спасылку на „экстрэмісцкі матэрыял“, а людзі гэтага ўзросту маглі проста не разьбірацца ў такіх складанасьцях сацсетак», — заўважае праваабаронца.

Таксама Павал Сапелка адзначыў, што сьпіс «тэрарыстаў» на сайце КДБ рэгулярна зьнікае. «У прыватнасьці, апошнім часам сьпісу няма», — кажа праваабаронца.

Падобныя заўвагі, якія сьведчаць пра пагарду чыноўнікаў да правоў грамадзянаў, праваабаронцы маюць і адносна сьпісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», што зьмешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі.

«Там больш за 4300 пазыцый. Сьпіс вядуць з 2006 году. Гэта можа быць кніга, а можа тэлеграм-канал ці набор налепак. Прычым сьпіс нават не пранумараваны, людзям па ім вельмі цяжка арыентавацца, што можна ў сябе захоўваць, а што нельга», — мяркуе Павал Сапелка.

Прэзэнтаваная «Вясной» справаздача — другая на гэтую тэму з 2020 году. Паводле Паўла Сапелкі, назіраньне за сытуацыяй будзе працягвацца.

«Мы дакладна гаварылі і будзем гаварыць пра гэта. Дакладна не дадзім уладам сказаць, што старонка перагорнутая і ў Беларусі няма іншай думкі, акрамя думкі ўлады. Затыкаць далей рот людзям у іх не атрымаецца», — мяркуе Павал Сапелка зь «Вясны».

Са справаздачай "Вясны«можна азнаёміцца ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG