З 23 сакавіка Польшча перастала пускаць у Беларусь аўтамабілі з Эўропы на транзытных нумарах, з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, а таксама даражэйшыя за 50 000 эўра. Выключэньне толькі для аўта з вызначаным наборам дакумэнтаў. Пазьней да палякаў таксама далучыліся латышы і літоўцы.
Меркавалася, што цяпер набываць аўтамабілі з такімі парамэтрамі ў эўрапейцаў для беларусаў стане немагчымым, але на практыцы гэта аказалася ня так. «Люстэрка» патэлефанавала ў некалькі фірмаў, якія аказваюць паслугі па продажы машын, і даведалася, што яны працуюць, як і раней.
У некалькіх беларускіх кампаніях, якія падбіраюць і прадаюць аўтамабілі за мяжой, паведамілі, што па-ранейшаму прымаюць замовы на машыны зь любых рэгіёнаў, у тым ліку Эўропы і азіяцкіх краін. Што да куплі транспарту ў ЗША, то некаторыя фірмы проста на сваіх сайтах адзначылі: «Аўтамабілі з ЗША ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі без праблем. Усё, што адбываецца на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй, ніяк не датычыць аўто з ЗША».
«Мы, як і раней, возім машыны з Эўропы, ЗША, Кітаю, Карэі. Усё залежыць ад вашага жаданьня, што менавіта вы хочаце купіць, адкуль (прывязуць. — заўв. рэд.)», — паведаміў супрацоўнік кампаніі, у якой ёсьць прадстаўнікі ў розных рэгіёнах Беларусі.
Пры гэтым у кампаніі адзначылі, што могуць прывезьці і аўто з ЭЗ з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, і даражэйшае за 50 000 эўра.
«Але калі параўнаць тэрміны дастаўкі аўто з ЗША і Эўропы, то яны адрозьніваюцца: амэрыканскіх трэба чакаць 2–3 месяцы, а эўрапейскіх — прыкладна 3–5 тыдняў. Эканамічна выгадней заказваць машыны з ЗША. Чым аўто даражэйшае, тым больш адчуваецца розьніца. Але купляць ужываныя машыны — лятарэя, мы іх правяраем па базе, але ўтоеныя пашкоджаньні прадказаць ня можам».
У прыклад суразмоўца прывёў папулярную сёньня Tesla Model 3: калі купляць яе бітай на аўкцыёне ў ЗША і рамантаваць у Беларусі, то яна абыдзецца ў 15–17 тысяч даляраў, а адноўленыя прадаюць мінімум за 20 тысяч даляраў.
Прадстаўнік фірмы расказаў, што з Кітаю яны возяць у асноўным новыя аўтамабілі, з Карэі — мясцовай вытворчасьці, напрыклад, Kia, але толькі з прабегам, бо новыя дорага абыдуцца. На аўкцыёнах у ЗША можна купіць аўтамабіль як біты, так і цэлы, яго даставяць у кантэйнэры ў порт Клайпеды, а адтуль — праз наземную мяжу ў Беларусь на мытню.
Тым часам у тэлеграм-чатах, якія тычацца перасячэньня межаў з краінамі Эўразьвязу, паведамляюць пра выпадкі, калі некаторыя аўто па-ранейшаму разварочваюць і не дазваляюць ім праехаць у Беларусь.
Санкцыі паспрыялі павелічэньню лічбаў
23 сакавіка на польскай мяжы пачалі разварочваць аўто на транзытных нумарах з рухавіком ад 1,9 літра і даражэйшыя за 50 тысяч эўра, перагоншчыкі машын адправіліся на пункты пропуску ў Літву і Латвію. Аднак 26 сакавіка ў адзіным на мяжы зь Беларусьсю латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» таксама ўвялі забарону, аналягічную польскай. З 29 сакавіка абмежаваньні ўвялі і ў Літве. Ніводная з трох краін не паведаміла афіцыйна аб прычыне, зь якой забаронена прапускаць аўто ў Беларусь.
Пры гэтым на фоне вайны Расеі супраць Украіны пастаўкі машын з Эўразьвязу ў Беларусь падскочылі ў чатыры разы — амаль да 1,5 млрд эўра, а летась перавысілі 1,7 млрд эўра, адзначаюць расьсьледавальнікі з арганізацыі «Бюро». Яны спасылаюцца на падлікі «Эўрастату».
Больш за ўсё аўтамабіляў у Беларусь прадаюць Нямеччына, Літва і Польшча. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага году з трох краін у Беларусь вывезьлі амаль 60 тысяч машын.