«Мы заклікаем бацькоў падаваць заявы»
Як стала вядома Свабодзе, ёсьць папярэдняя дамоўленасьць з муніцыпалітэтам Вільні аб адкрыцьці яшчэ адной першай клясы зь беларускай мовай навучаньня. Бо адзіная беларускамоўная гімназія імя Скарыны перапоўненая: на 1 верасьня 2023 году там было 408 вучняў.
«Гэта не прыватная ўстанова, таму пытаньне пашырэньня гімназіі — у кампэтэнцыі Віленскага гарадзкога самакіраваньня», — тлумачыла раней Радыё Свабода дырэктарка гімназіі Дыяна Стахновіч.
Сябра ініцыятыўнай групы беларусаў, што намагаюцца адкрыць у сталіцы Літвы яшчэ адну беларускамоўную школу, паведаміла, што пакуль ёсьць дамоўленасьць з муніцыпалітэтам дадаткова адкрыць толькі першую клясу. Але ініцыятыўная група просіць бацькоў падаваць заявы на прыём дзяцей і ў другую і трэцяю клясы.
«Віцэ-мэр Вільні Арунас Шылярыс паабяцаў, што нам могуць дапамагчы адкрыць толькі першую клясу. Нібыта для гэтага ёсьць прыдатнае памяшканьне ў зручным раёне горадe.
Але мы заклікаем бацькоў падаваць заявы ня толькі аб прыёме дзетак у першую клясу, а яшчэ і ў другую і трэцюю клясу (паводле нашых зьвестак, там ёсьць яшчэ вольныя памяшканьні). Пакуль ня буду гаварыць пра месца, але гэта рэальна. Папярэднія дамоўленасьці ёсьць, але застаецца шмат нявырашаных пытаньняў», — тлумачыць жанчына.
Моўныя курсы для настаўнікаў, пераклад літоўскіх падручнікаў на беларускую
Днямі бацькі беларускіх школьнікаў Вільні сустрэліся з прадстаўнікамі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
Акрамя самой Ціханоўскай, у сустрэчы бралі ўдзел дарадца ў пытаньнях адукацыі і навукі Тацяна Шчытцова, дарадца ў моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка. Прадстаўнікі офісу маюць намер наведаць Скарынаўскую гімназію, а таксама сустрэцца зь віленскімі гарадзкімі ўладамі. Таму бацькі выклалі сваё бачаньне праблем, расказала сябра ініцыятыўнай групы бацькоў.
І адна з асноўных — гэта пацьверджаньне ў Літве дыплёмаў беларускіх настаўнікаў, якія могуць выкладаць прадметы па-беларуску. Акрамя таго, паводле літоўскіх законаў усе пэдагогі павінны ведаць літоўскую мову.
«Таму мы просім арганізаваць для беларускіх настаўнікаў інтэнсіўныя курсы па вывучэньні літоўскай. Каб за першы год яны здалі іспыт на ўзровень А2, а потым атрымалі адтэрміноўку на год, каб дайсьці да ўзроўню В2.
Другое — гэта пераклад літоўскіх падручнікаў на беларускую мову. Каб нам дазволілі гэта зрабіць, узяць за аснову новыя літоўскія падручнікі.
Ёсьць ідэя: пракласьці, так бы мовіць, шлях ад Скарынаўскай гімназіі да ЭГУ. Канечне, літоўская мова будзе нашымі дзецьмі паглыблена вывучацца, але каб у дзяцей была пэрспэктыва вучыцца далей па-беларуску, каб яны разумелі, навошта гэта ім», — кажа ўдзельніца ініцыятыўнай групы.
І дадае, што прадстаўнікі Офісу параілі ініцыятыўнай групе даваць болей інтэрвію, расказваць аб праблеме ў літоўскіх СМІ.
Як правільна падаць заяву ў беларускамоўную клясу?
Асноўная прэтэнзія літоўскіх гарадзкіх уладаў да ініцыятыўнай групы бацькоў — маўляў, ня так шмат зь іх жадаюць, каб дзеці навучаліся па-беларуску, многіх задавальняюць расейскамоўныя школы.
Паколькі ўлады Вільні ня могуць дакладна ацаніць попыт на беларускамоўнае навучаньне, а электронная сыстэма падачы заявак працуе своеасабліва, сябра ініцыятыўнай групы бацькоў раіць бацькам беларускамоўных дзетак падаваць заяўкі праз афіцыйны сайт гарадзкіх уладаў у Скарынаўскую гімназію.
«Электронная сыстэма так пабудаваная, што калі ты выбіраеш беларускую мову навучаньня, табе паказваецца толькі адна гімназія імя Скарыны. А каб заяўку пачалі разглядаць, павінна быць пазначана тры школы. Калі ты выбіраеш з расейскай мовай, то беларускамоўная гімназія не паказваецца.
Калі вы хочаце дадаць яшчэ дзьве школы (як прадугледжвае форма), то давядзецца падаваць заяўку ў ручным рэжыме праз электронную пошту аддзелу адукацыі mokyklos@vilnius.lt.
Таму мы зрабілі пакрокавую інструкцыю.
Але ёсьць яшчэ адна акалічнасьць: першую школу трэба выбіраць па прапісцы. Таксама складанасьці. Таму прапануем выбіраць Скарынаўскую гімназію, а потым на электронную пошту гэтай гімназіі даслаць асобна ліст.
Як толькі вы падалі заяўку, запоўніце, калі ласка, вось гэтую форму: Так ініцыятыўная група бацькоў, якая займаецца гэтым пытаньнем, зможа даведацца, колькі заявак ужо пададзена ў аддзел адукацыі», — тлумачыць сябра ініцыятыўнай групы бацькоў.