Ася Смаляк — мантэсоры-пэдагог Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, рэжысэрка, пэдагог тэатральных дысцыплін. Ася разам з мужам Зьмітром заснавалі школу «Я дома» для беларусаў у замежжы, а таксама ўнівэрсытэт для павышэньня кваліфікацыі мантэсоры-пэдагогаў. У Беларусі ў Зьмітра і Асі былі прыватныя школа і садок.
«Яшчэ я займаюся творчым разьвіцьцём дзяцей і выкладаю ў мастацкай школе. У Беларусі мела сваю прыватную тэатральную студыю, ставіла спэктаклі зь дзецьмі — і працягваю гэтым займацца», — апавядае Ася.
Ідэя школы і садка ў Варшаве зьявілася ад разуменьня, што нельга беларускіх дзетак аддаваць без падрыхтоўкі ў польскія школы, кажа Ася.
«Бо нават калі дзіця здолее адаптавацца, гэта пашкодзіць ягонай мэнтальнасьці, бо ніхто не навучыць яго быць беларусам і любіць беларускую культуру ў Польшчы. Толькі мы гэта можам зрабіць. І гэта мусіць быць нешта натуральнае, а не па выходных. Бо заняткі па выходных — гэта як да бабулі зьезьдзіць, калі асноўнае жыцьцё — дома».
Так Ася зь яе мужам Зьмітром вырашылі, што каб дзеці атрымлівалі адукацыю на беларускай мове, то яны мусяць стварыць такую школу, дзе будуць раўнаважныя і польская, і беларуская, і ангельская мовы.
«Мы доўга рыхтаваліся, даведваліся, як гэта законна ўсё можна зрабіць, якім шляхам пайсьці, каб пасьля ня ўперціся ў нейкую сытуацыю невырашальную. І выбралі сабе шлях праз прыватную дзейнасьць, бо ў нас так больш шанцаў застацца на рынку. Бо калі праект выключна на грантах, то ён залежыць ад іх. Плюс мы самі прадпрымальнікі і лічым, што праект мусіць быць жывы: калі на яго ёсьць попыт, то ён акупляецца, а калі няма, то ён, можа, людзям і не патрэбен».
Ася і Зьміцер спрабавалі размаўляць з рознымі дзяржаўнымі польскімі школамі, але сутыкнуліся зь непрыняцьцем.
«Яны не зьбіраюцца дапамагаць, яны ня хочуць прымаць беларусаў са сваёй беларускай мовай, яны хочуць, каб мы сталі палякамі і дзесьці раз на тыдзень зьбіраліся і сваю мову вучылі. Яны правільна робяць для сваёй дзяржавы, я іх не асуджаю, проста для нас гэта катастрофа, бо тады мы не выхоўваем дзяцей у беларускасьці, у сваёй роднай мове».
Тады дзеці пачынаюць саромецца і сябе таксама, лічыць Ася.
«У іх пытаюцца: „Ты хто?“. А яны па-расейску і па-польску размаўляюць, а беларускай мовы большасьць ня ведае і ім сябе беларусамі цяжка лічыць».
Тады Ася і Зьміцер пайшлі ў прыватныя польскія школы. Выявілася, што ў такіх школах таксама бачаць падобную праблему.
«Прыватныя дзесьці стаяць у апазыцыі польскім дзяржаўным школам. Мы знайшлі сабе партнэраў і сваіх дзетак мы афармляем у польскую прыватную школу на хатнюю адукацыю, каб яны атрымлівалі польскую сэртыфікацыю — гэта школа, якая існуе ў Польшчы ўжо дзесяць гадоў, яе паважаюць і ў яе добры імідж. Школа высылае нам праграмы, падручнікі, дапамагае, настаўнікі могуць туды на практыку езьдзіць».
Такім чынам, дзеці ў школе «Я дома» вывучаюць праграму на беларускай, польскай і ангельскай мовах, а ў канцы году здаюць іспыты.
У чым плюсы сыстэмы выкладаньня па мэтодыцы Мантэсоры?
«У першую чаргу гэта сапраўды індывідуальны падыход. Напрыклад, калі дзіця ідзе наперад і я бачу, што яно цікавіцца геаграфіяй, фізыкай глыбей, чым астатнія дзеці, то я яго не спыняю і даю яму больш. Калі я бачу, што дзіця трошкі адстае, то яно нават само ня будзе гэтага ведаць і не заўважыць. Я проста яго пастаўлю з тымі, хто гэтае пытаньне яшчэ раз праходзіць, яно проста дзесьці падгледзіць, будзе асыстэнтам і засвоіць матэрыял».
Мантэсоры-сыстэма — гэта сыстэма, якая клапоціцца пра тое, каб дзіця мела сваю шчырую цікавасьць да навучаньня, ня страчвала яе, было ў захапленьні, і школа для яго была такім месцам, куды яно хоча ісьці, рабіць гэтыя адкрыцьці, адчуваць сябе навукоўцам, дасьледчыкам, годным чалавекам, упэўненым у сабе, тлумачыць Ася.
«У такой сыстэме настаўнік працуе зь дзецьмі не як „ты нікчэмнасьць, я д’Артаньян“. Тут настаўнік — праваднік, той, хто прынёс нешта цікавае; той, хто з табой робіць розныя адкрыцьці разам, паважае цябе, у першую чаргу. У Мантэсоры-мэтадзе няма карнай сыстэмы ўвогуле, сыстэма матывацыі зусім іншая».
У такой сыстэме адзнакі да чацьвёртай клясы не ставяцца.
«Таксама, калі дзіця здае экзамэны, вынікі яго абмяркоўваюцца індывідуальна зь ім і ягонымі бацькамі. Гэта не выносіцца ў клясе, не параўноўваюцца дзеці. Такая псыхалягічная бясьпека».
Мантэсоры-сыстэма распрацаваная адпаведна фізычным і псыхалягічным патрэбам дзіцяці, кажа Ася.
«Напрыклад, у 1-3 клясах у дзяцей вельмі высокая патрэба рухацца. Таму ў Мантэсоры-сыстэме яны могуць рухацца падчас заняткаў і выбіраць сабе нават месцы, дзе яны працуюць: за сталом, седзячы, на дыванку, стоячы за спэцыяльным высокім сталом. Гэта робіцца па спэцыяльных правілах, у цішыні, яны выбіраюць матэрыял, не сядзяць з паднятай рукой і па стойцы „сьмірна“ не стаяць, бо фізычна для дзіцяці гэта вельмі шкодна ў такім узросьце».
Таксама ўлічваецца разьвіцьцё і патрэбы мозгу, дадае пэдагог. Такім чынам, сыстэма Мантэсоры навуковая і падыходзіць з павагай да ўсіх працэсаў.
«Чым меншыя дзеці, тым больш ім патрэбны кантакт»
Цяпер у праекце «Я дома» ёсьць садок, «зэрувка» (нулявая кляса) і школа, дзе навучаюцца дзеткі з 1 па 8 клясу.
«Зараз 7-8 клясы вучацца і офлайн, і онлайн, а дзеці малодшага ўзросту вучацца офлайн цалкам. Чым меншыя дзеці, тым большы ім патрэбен кантакт аднаго з адным, з настаўнікам і гэтак далей».
Таксама ў школе ёсьць розныя паездкі зь дзецьмі. З новага году зьменяцца і некаторыя дэталі ў навучаньні, дадае пэдагог.
«Дзеці вучацца з 8:30 па 16:30, ня менш. Гэта патрэбна для таго, каб паўнавартасна засвоіць усе тры мовы. У першай палове дня мы вучымся па сыстэме Мантэсоры, калі 1-3 клясы разам займаюцца праектнай дзейнасьцю і выконваюць заданьні настаўнікаў, такія індывідуальныя праграмы. Я бяру, напрыклад, групу трэцяклясьнікаў, даю заданьне па матэматыцы, і яны ўсе садзяцца яго выконваць, а ў гэты момант займаюся зь іншай клясай».
Старэйшыя дзеці ў першай палове дня вывучаюць матэматыку, біялёгію, геаграфію, фізыку пачатковую, займаюцца праектнай і сацыяльнай дзейнасьцю.
«А ў другой палове мы ўжо групамі займаемся, як у звычайнай школе. Дзеці вучаць беларускую мову і літаратуру, польскую мову, літаратуру і пісьмо, і ангельскую. І займаюцца ўжо больш стацыянарна ў клясах, групай за сталом».
Ася Смаляк дадае, што адна са складанасьцяў у тым, што праект ніхто не фінансуе, і ад гэтага матэрыяльная база набіраецца вельмі марудна.
«Нас не спансуюць, бо бачаць, што мы камэрцыйны праект. Хаця папраўдзе, каб зарабіць на гэтую матэрыяльную базу, нам трэба цэны ў два разы падымаць, а мы ня можам, бо проста тады ніхто не прыйдзе ў такую школу. Яшчэ складанасьць у тым, што мы маем за плячыма нашых беларускіх настаўнікаў, якія вельмі доўга працавалі ў сыстэме, зусім не падобнай да таго, што трэба. І такіх настаўнікаў трэба тэрмінова перавучваць».
Ася кажа, што настаўнікам трэба думаць пра тое, каб падвышаць сваю кваліфікацыю, калі яны працавалі толькі ў беларускай сыстэме.
«Відавочна, што ў Эўропе, ва ўсім сьвеце ўсё па-іншаму. Трэба пераглядзець погляды да адукацыі і выхаваньня дзяцей, стаўленьня да асобы. Бо так, як беларусы ставяцца да асобы, ужо нідзе так ня робяць».
«Дзеці не расказваюць бацькам пра свае праблемы»
Існуе і праблема са стаўленьнем бацькоў да сваіх дзяцей. Бацькі баяцца, што дзіця ня будзе пасьпяховым, кажа Ася, і ў паніцы пачынаюць шукаць самыя прасунутыя польскія школы, ня думаючы пра тое, як дзіцяці там будзе.
«А яму там будзе цяжка. Напрыклад, дзіця тры разы тэму не зразумела — і ўсё. Так псыхіка працуе: калі б вы сядзелі і не разумелі месяц, два, тры, а на чацьвёрты разумець ужо і ня хочацца, мэты такой няма. Дзіця сядзіць, пазяхае і потым у канцы не здае нічога, нічога не разумее, яно ўжо ня можа фізычна дагнаць гэтую праграму. Не ва ўсіх дзяцей такія праблемы, але ў большасьці».
У дзетак, якія перажылі досьвед эміграцыі, ёсьць псыхалягічныя пытаньні, кажа пэдагог. Дзеці сутыкаюцца з булінгам, непрыняцьцем у клясе.
«Асноўная праблема — чым дзіця старэйшае, тым складанейшая школьная праграма, а ў Польшчы няма адмысловай праграмы адаптацыі эмігранта, то бок дзіця ў клясу „ўпіхваюць“. Вось прыйшло яно ў 6-ю клясу, дзе дзеці ведаюць праграму на польскай мове. Нашае дзіця таксама ведае праграму, на сваёй мове, але яно ня можа даказаць гэта, а ніхто не імкнецца яго зразумець».
Тады дзіця адчувае, што яго ня чуюць, не разумеюць, мае вострае пачуцьцё несправядлівасьці, моцна падае яго самаацэнка, цяжка з сабой справіцца, цяжка зь сябрамі, кажа пэдагог.
«Дзеці не расказваюць бацькам пра свае праблемы, бо яны прыходзяць дахаты, бачаць, што мама такая засмучаная, усё дрэнна. Зразумела, дзіця ня будзе дзяліцца, каб не дадаваць яшчэ больш праблемаў. І даходзіць да таго, што потым дзіця наведвае псыхоляга, псыхатэрапэўта, на антыдэпрэсантах сядзіць. У нас такіх поўна знаёмых».
Ася Смаляк кажа, што адчувае сваё пакліканьне ў тым, каб выкладаць дзецям так, як ім трэба, і каб ім было цікава.
«Я люблю пэдагогіку, і мне цікава гэта даносіць дзецям так, каб гэта ім падабалася, радуюся разам зь імі іхным адкрыцьцям. Больш за ўсё мяне натхняе, калі дзеці задаволеныя, і іх у канцы года пытаюць, што ім спадабалася, а яны кажуць: „Усё“. І пачынаюць прыгадваць усе экспэрымэнты, якія яны зрабілі. Для мяне гэта сапраўдная ўзнагарода, гэта мяне больш за ўсё матывуе».
Пасьля масавых «чыстак» прыватных школ у Беларусі, якія атрымалі ліцэнзіі, засталося ўсяго шэсьць: пачатковая школа «Елісеевы палі», сярэдняя школа «Альтэрнатыва», сярэдняя школа «Іхвіс», «Канкорд», сярэдняя школа «Эка-Эл», Менская міжнародная гімназія (яе скончыў Мікалай Лукашэнка, а адна з заснавальніц — Ірына Абельская).
У Вільні працягвае працаваць прыватная школа Stembridge. У Варшаве, Беластоку, Гданьску і Кракаве працуе Беларуская школа (у гэтых гарадах заняткі праводзяць офлайн, а ў іншых — онлайн). Ва Ўкраіне ёсьць беларуская онлайн-школа, якую заснавала Наста Шпакоўская.
Паводле афіцыйнай статыстыкі за 2021 год, у Беларусі 107,6 тысячы школьнікаў вучыліся на беларускай мове ў 2020/2021 годзе. А ў 2020-м Мінадукацыі паведамляла, што беларускамоўных школ у Беларусі больш за 45%
Якія школы сёлета набіралі беларускамоўныя клясы, даведалася «Наша ніва» . Так, у Менску на беларускай мове можна вучыцца ў гімназіях № 23, № 28, № 14, № 4, № 9, сярэдніх школах №№ 60, 112, 72.
У Магілёве дзяцей можна аддаць у беларускамоўныя клясы ў школах № 1, № 34. У Горадні трапіць у беларускамоўную клясу можна ў школах № 32 і № 34. У Гомлі вучыцца па-беларуску можна ў гімназіі № 36 імя Івана Мележа. У Берасьці дзяцей з 1 па 4 клясу на беларускай мове вучаць у школе № 3.