Былы старшыня дэ-юрэ зьліквідаванай Беларускай партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук абвінавачваецца паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») КК, паведамляе «Парламентский Канал» у Telegram.
«Адпрацаваная схема, — адзначыў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. — Кідаюць на Акрэсьціна ў адміністрацыйнай справе і ліхаманкава шукаюць мінімальныя фармальныя падставы для завядзеньня крымінальнай справы».
«Дзьмітры нэрваваў сілавікоў. Ён ня зьехаў. Ён не замкнуўся ў каморы. Ён спрабаваў зарэгістравацца падчас кампаніі „Бязвыбары“, прыклаў намаганьні, каб распачаць кампанію па зборы подпісаў за вызваленьне палітвязьняў. У яго было адчуваньне вінаватасьці перад тымі, хто за кратамі», — дадаў палітык.
Кучука затрымалі 16 лютага па дарозе да пасольства Расеі ў Менску, каля якога ён хацеў ускласьці кветкі і запаліць зьнічы ў памяць аб расейскім палітыку Аляксеі Навальным, які памёр у калёніі. З таго часу не было інфармацыі, у чым яго абвінавачваюць.
23 сьнежня 2023 года палітыку было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатам у дэпутаты.
У 2021 годзе яго арыштоўвалі на 15 дзён пасьля таго, як ён разам зь іншымі палітычнымі актывістамі падаў заяўку на правядзеньне акцыі «Чарнобыльскі шлях».
Беларуская партыя «Зялёныя» не прайшла перарэгістрацыю і 27 ліпеня мінулага году была зьліквідаваная Вярхоўным судом па пазове Міністэрства юстыцыі. Партыя страціла статус асацыяванага сябра Эўрапейскай партыі зялёных (ЭПЗ).
Раней стала вядома, што кіраўнік зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук ня выйшаў на волю пасьля 30 дзён арышту.
Вызваленьня Кучука чакалі 17 сакавіка, пасьля 30 дзён арышту, аднак гэтага не адбылося і родныя ня ведалі, дзе ён і што зь ім.
Кучук пасьпеў паведаміць, што каля амбасады знаходзіцца шмат супрацоўнікаў АМАП. Вядома, што пасьля затрыманьня яго адвезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску.