На іх паступаюць даносы ў праваахоўныя органы, па якіх заводзяць адміністрацыйныя і крымінальныя справы. Некаторыя зь іх публікуюць у сацыяльных сетках відэа, дзе выбачаюцца.
25 сакавіка ў пецярбурскім аэрапорце Пулкава быў затрыманы яхтсмэн і дэкаратар Мікалай Канашонак. У сацсетках ён адрэагаваў на навіну пра тэракт словамі: «Чаму Крокус, а ня Крэмль? Пераблыталі?»
Увечары ў панядзелак паліцыя апублікавала відэа, на якім Канашонак просіць прабачэньня за камэнтар і ўдакладняе, што асуджае тэрарызм. Жонка Канашонка, вядомы арт-мэнэджар Раксана Шатуноўская, у той жа дзень абвясьціла, што з прычыны недапушчальнага выказваньня мужа сыходзіць з пасады генэральнага дырэктара буйнога гарадзкога культурна-забаўляльнага парку «Новая Галяндыя», які ўзначальвала больш за 12 гадоў.
У сераду стала вядома, што Канашонку было прад’яўленае абвінавачаньне ў апраўданьні тэрарызму. Суд арыштаваў яго да 25 траўня.
У Ліпецкай вобласьці паліцыя прыйшла зь ператрусам да мясцовай жыхаркі, якая ў сваім акаўнце ў сацсетках раней заявіла, што не спачувае ахвярам тэракту ў «Крокусе», бо Масква, на яе думку, жыве сваім жыцьцём і не зьвяртае ўвагі на абстрэлы прымежных абласьцей Расеі і гібель расейскіх салдат. Ва Ўкраіне, па словах жанчыны, ваюе яе сын.
Паліцыя пачала праверку па факце закліку да ўчыненьня гвалтоўных дзеяньняў і іх апраўданьня. Пасьля прыходу супрацоўнікаў паліцыі ў акаўнце ліпчанкі зьявілася новае відэа, на якім яна просіць прабачэньня і сьцьвярджае, што папярэдні ролік запісвала моцна пʼяная.
Паліцыя затрымала жыхара Башкартастану, які на стрыме ў жывым этэры заявіў, што «гэта ў Маскве жалоба, а ў Башкартастане жалобы няма», назваўшы Маскву «асобнай дзяржавай». Пасьля затрыманьня МУС Башкартастану апублікавала відэа з выбачэньнямі блогера, які заявіў, што дазволіў сабе «катастрафічна няправільныя і жахлівыя выказваньні для прыцягненьня да сябе ўвагі».
Выданьне «Бумага» паведамляе пра затрыманьне ў Пецярбургу, акрамя Канашонка, яшчэ аднаго чалавека, чыйго імя не называе. На відэа, прадстаўленым праваахоўнымі органамі, ён таксама просіць прабачэньня за камэнтар у сацсетках пад навіной пра тэракт, называючы яго няўдалым жартам.
У ніводным з выпадкаў невядома, у якіх умовах запісваліся відэа з выбачэньнямі і ці аказваўся на іх герояў ціск.
Практыка публічных прабачэньняў у Расеі пачалася ў Чачні ў сярэдзіне 2010-х гадоў. Людзі, якія публічна крытыкавалі Рамзана Кадырава, пазьней выбачаліся і раскайваліся на відэа. Паступова гэтая практыка атрымала распаўсюд ва ўсёй Расеі.
Беларускія сілавікі пасьля тэракту ў Падмаскоўі 22 сакавіка таксама затрымалі некалькі грамадзян краіны за нэгатыўныя камэнтары наконт гэтай падзеі.
Колькасьць ахвяр тэракту вырасла
Тым часам стала вядома, што колькасьць ахвяр тэракту вырасла да 143 чалавек. Абноўленую інфармацыю апублікавала Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі. Па стане на вечар 26 сакавіка загіблымі лічыліся 139 чалавек.
Агулам у будынку ў вечар трагедыі знаходзіліся 6000 чалавек, якія прыйшлі туды на канцэрт.
Яшчэ 95 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак.
Па колькасьці ахвяр напад на «Крокус Сіці Хол» — адзін з найбуйнейшых тэрактаў у гісторыі Расеі, больш ахвяр было толькі пры нападзе на школу ў Беслане ў 2004 годзе.