Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хунта ў Нігеры разарвала вайсковае пагадненьне з ЗША. Гэта можа яшчэ больш узмацніць пазыцыі ісламістаў і Расеі


База амэрыканскіх войскаў у Нігеры
База амэрыканскіх войскаў у Нігеры

Кіроўная ў Нігеры вайсковая хунта адклікала пагадненьне, якое дазваляла вайскоўцам і цывільнаму пэрсаналу Міністэрства абароны ЗША знаходзіцца на тэрыторыі дзяржавы.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар хунты палкоўнік Амаду Абдраманэ, піша Голас Амэрыкі.

Рашэньне, якое ўступае ў сілу неадкладна, прынялі пасьля візыту афіцыйных асоб ЗША на чале з памочнікам дзяржаўнага сакратара ў справах Афрыкі Молі Фі, у тым ліку генэрала Майкла Лэнглі, які ўзначальвае Афрыканскае камандаваньне ЗША.

Абдраманэ, выступаючы па тэлевізіі, сказаў, што дэлегацыя ЗША не прытрымлівалася дыпляматычнага пратаколу і што Нігер ня быў праінфармаваны ні пра склад дэлегацыі, ні пра дату яе прыбыцьця, ні пра парадак дня. Ён дадаў, што дыскусіі былі вакол цяперашняга вайсковага пераходу ў Нігеры, вайсковага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі і выбару Нігерам партнэраў у барацьбе з баевікамі, зьвязанымі з «Аль-Каідай» і групоўкай «Ісламская дзяржава».

З моманту захопу ўлады ў ліпені мінулага году нігерская хунта, як і вайсковыя кіраўнікі суседніх Малі і Буркіна-Фасо, выгналі францускія і іншыя эўрапейскія сілы і зьвярнуліся па падтрымку да Масквы.

Міністэрства абароны ЗША не адразу адказала на запыт аб камэнтары.

Па стане на мінулы год у Нігеры было каля 1100 амэрыканскіх вайскоўцаў, яны разьмешчаныя на дзьвюх базах, уключаючы базу бесьпілётнікаў, вядомую як авіябаза 201. З 2018 году гэтая база выкарыстоўваецца для барацьбы з баевікамі «Ісламскай дзяржавы» і «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь Мусьлімін», філіялам «Аль-Каіды», у рэгіёне Сахель.

Абдраманэ заявіў, што статус і прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Нігеры зьяўляюцца незаконнымі і парушаюць канстытуцыйныя і дэмакратычныя нормы, таму што, па словах прэс-сакратара, гэта было ў аднабаковым парадку навязана афрыканскай краіне ў 2012 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG