Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя хунты трох афрыканскіх краін падпісалі дамову пра абароннае супрацоўніцтва


На мітынгу ў падтрымку вайсковага перавароту ў Нігеры, 6 жніўня 2023
На мітынгу ў падтрымку вайсковага перавароту ў Нігеры, 6 жніўня 2023

Кіраўнікі вайсковых хунтаў трох дзяржаў паўночнага захаду Афрыкі — Малі, Буркіна-Фасо і Нігера — у суботу падпісалі пагадненьне пра супрацоўніцтва ў сфэры абароны. Пра гэта паведамляе агенцтва France Presse. Паведамляецца, што цырымонія прайшла ў сталіцы Малі Бамака.

Ва ўсіх трох краінах, якія ў мінулым былі калёніямі Францыі, у апошнія гады адбыліся вайсковыя. Да ўлады прыйшлі антыфранцузскія сілы. Вайсковыя хунты Буркіна-Фасо і Малі адкрыта арыентуюцца на супрацоўніцтва з Масквой. У гэтых краінах былі разьмешчаны найміты расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр».

Пераварот у Нігеры адбыўся сёлета ў ліпені. На яго рэзка нэгатыўна адрэагавалі суседзі Нігера па заходняй Афрыцы. Арганізацыя ЭКОВАС, якая аб’ядноўвае больш за 10 краін, заявіла, што не выключае інтэрвэнцыі ў Нігер для аднаўленьня законнага ўраду. Малі і Буркіна-Фасо, у сваю чаргу, падтрымалі путчыстаў. Цяпер яны аформілі свой саюз фармальна.

Пра разьмяшчэньне ў Нігеры атрадаў ПВК «Вагнер» ці іншых зьвязаных з Расеяй сіл пакуль не паведамлялася. Аднак вядома, што ў пачатку верасьня Буркіна-Фасо наведала дэлегацыя Міністэрства абароны Расеі. Яна правяла перамовы з прадстаўнікамі ўсіх трох краін, Малі, Буркіна-Фасо і Нігера. Абмяркоўвалася, як сьцьвярджаецца, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Краіны Захаду асьцерагаюцца ўмацаваньня пазыцый Масквы ў афрыканскім рэгіёне Сахель, адзначаючы, што яно можа падарваць стабільнасьць усяго кантынэнту.

Пры гэтым France Presse адзначаюць, што ўсе тры дзяржавы, якія падпісалі пакт, сутыкаюцца з узброенай прысутнасьцю атрадаў радыкальных ісламістаў, зьвязаных з тэрарыстычнымі арганізацыямі — «Аль-Каідай» або «Ісламскай дзяржавай». У падпісаным пакце таксама гаворыцца, што змаганьне з тэрарызмам зьяўляецца галоўным прыярытэтам для трох краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG