Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінляндыя перастала пускаць у краіну аўтамабілі з расейскімі нумарамі


З 16 сакавіка на тэрыторыі Фінляндыі ня могуць знаходзіцца аўтамабілі з расейскай рэгістрацыяй, паведамляе фінская мытня.

У адрозьненьне ад Латвіі і Літвы, якія таксама забаранілі ўезд аўтамабіляў з расейскімі нумарамі на сваю тэрыторыю, у Фінляндыі такія машыны канфіскаваць ня будуць. Іх будуць затрымліваць мытныя органы, і уладальніку машыны трэба будзе заплаціць мытную пошліну і адпаведны падатак. Пасьля ён мусіць вывезьці аўтамабіль за межы Эўразьвязу.

Ёсьць таксама выключэньні. У Фінляндыі могуць застацца аўтамабілі з расейскімі нумарамі, якія належаць студэнтам, што вучацца ў краіне, і расейцам, якія працуюць у Фінляндыі па кантракце. Таксама забарона не датычыцца машын, што належаць грамадзянам ЭЗ, якія адначасова зьяўляюцца ўладальнікамі пастаяннага дазволу на жыхарства ў Расеі, або камусьці зь іх сем’яў.

  • Уезд аўтамабіляў з расейскімі нумарамі ў Фінляндыю закрылі яшчэ 15 верасьня 2023 году, пасьля тлумачэньняў Эўракамісіі адносна прымяненьня санкцыйнага рэжыму. На вываз з Фінляндыі машын з расейскімі нумарамі далі паўгода.
  • На расейска-фінляндзкай мяжы зь лістапада 2023 году закрытыя ўсе аўтамабільныя пункты пропуску. Рашэньне прыняў фінляндзкі бок праз наплыў мігрантаў з трэціх краін, да якога, як сьцьвярджаюць у Хэльсінкі, датычныя расейскія ўлады. Забарона дзейнічае як мінімум да 14 красавіка.
  • Мінулай восеньню краіны ЭЗ, якія мяжуюць з Расеяй, перасталі ўпускаць расейскія аўтамабілі, спаслаўшыся на тлумачэньні Эўракамісіі адносна ўведзенай яшчэ ў кастрычніку 2022 году забароны на імпарт аўтамабіляў з Расеі. У ім гаворыцца, што імпартам можа лічыцца і ўезд у краіны ЭЗ машын з расейскімі нумарамі, нават бяз мэтаў іх продажу. Канчатковае рашэньне аб тым, як паступаць з такімі аўтамабілямі, аднак застаецца на разгляд нацыянальных урадаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG