Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве правялі апытаньне аб стаўленьні літоўцаў да беларусаў, украінцаў і расейцаў. Якія вынікі


Перад самітам NATO у Вільні (ліпень 2023) зьяўляліся нацыянальныя беларускія сьцягі. Ілюстрацыйнае фота
Перад самітам NATO у Вільні (ліпень 2023) зьяўляліся нацыянальныя беларускія сьцягі. Ілюстрацыйнае фота

Сацыёлягі таксама пацікавіліся, як ставяцца літоўцы да тых мігрантаў, якія ня ведаюць літоўскую мову.

Аддзел этнічных дасьледаваньняў Інстытуту сацыялёгіі Літоўскага цэнтру сацыяльных навук і няўрадавая арганізацыя Diversity Development Group правялі апытаньне, у якім спрабавалі высьветліць стаўленьне жыхароў Літвы да розных сацыяльных, этнічных, рэлігійных груп і да мігрантаў.

Як паведаміла выданьне delfi.lt, апытаньне правялі летась у лістападзе, а цяпер кіраўніца аддзелу этнічных дасьледаваньняў Моніка Фрэюце-Ракаўскене падзялілася вынікамі.

«Мы выбралі тры найбольш вялікія групы — зь Украіны, Беларусі і Расеі, і пацікавіліся стаўленьнем да іх. Прапанавалі два пытаньні: ці хацелі б людзі жыць зь імі побач і працаваць разам. Найменей жыхары Літвы дыстанцуюцца ад украінцаў, а найбольш — ад расейцаў. Пасярэдзіне знаходзяцца беларусы», — сказала Моніка Фрэюце-Ракаўскене.

Паводле яе, такія вынікі наўпрост адпавядаюць геапалітычным устаноўкам.

«Да мігрантаў з Расеі ставяцца як да прыежджых з краіны-агрэсаркі. Мяне крыху зьдзівіла стаўленьне да беларусаў. Людзі ўсё ж больш спрыяльна іх ацэньваюць, не як працоўных мігрантаў, а як палітычных уцекачоў, якія ўцякаюць ад рэпрэсій у сваёй краіне», — дадала яна.

Моніка Фрэюце-Ракаўскене паведаміла, што вывучалася таксама стаўленьне да мігрантаў, якія не размаўляюць па-літоўску.

«Асабліва вылучылі групу, якая ня ведае літоўскай, раней так не рабілі. Ёсьць два пытаньні: нежаданьне жыць у суседзтве і працаваць разам. Але заўсёды большая сацыяльная дыстанцыя была паміж суседзямі і меншая, калі ішлося аб калегах. Але ў выпадку з тымі, хто разам працуе і ня ведае літоўскай, дыстанцыя склала ажно 34%. Гэта група, якую ня хочуць браць у работнікі», — дадала кіраўніца аддзелу этнічных дасьледаваньняў Моніка Фрэюце-Ракаўскене.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG