Беларусы купляюць жыльлё ў Літве, нягледзячы на інфармацыйнае напружаньне, якое расьце вакол іх, піша Delfi. lt.
У 2023 годзе грамадзяне Беларусі сталі ўласьнікамі 471 аб’екта нерухомасьці. Колькасьць зьдзелак значна вырасла пасьля 2020 году. Delfi паразмаўляў зь беларускімі эмігрантамі, якія за апошні год купілі кватэры ў Літве.
Беларусы расказалі, чаму яны прынялі такое рашэньне, як праходзіць працэс, ці былі цяжкасьці і што яны думаюць пра ўласныя рызыкі.
«Выгадней плаціць крэдыт, чым арэнду»
Ігар і Аксана зьбеглі зь Беларусі летам 2021 году з прычыны палітычнага перасьледу. Сям’я атрымала ў Літве статус міжнароднай абароны і пастаянны від на жыхарства.
«Прыкладна праз год мы зразумелі, што мець у Беларусі жыльлё небясьпечна — найхутчэй, будуць забіраць [у тых, хто трапіў пад рэпрэсіі]. Таму прынялі рашэньне прадаваць кватэру». Новую «траячку», у якой сям’я пражыла ўсяго два гады, прадалі ў сакавіку 2023 году, а ўлетку пачалі шукаць жыльлё ў Вільні.
«Палічылі, што больш выгадна плаціць крэдыт, чым арэнду», — тлумачыць Ігар. Сям’я вырашыла не зьвяртацца да рыэлтара і самастойна вывучала мясцовы рынак нерухомасьці. «Практычна ўсе аб’екты, якія выстаўленыя на продаж, можна ўбачыць на сайце aruodas. lt. І калі ты тэлефануеш па нейкай аб’яве, звычайна рыэлтар сам потым ператэлефаноўвае як мінімум адзін або некалькі разоў і прапануе варыянты», — расказвае Аксана.
З прадаўцамі муж і жонка размаўлялі па-літоўску і па-ангельску. Кожны дзень абнаўлялі сайт і глядзелі па 1-2 аб’екты за дзень: «Добрыя кватэры сыходзяць хутка, часам нават не даходзіць да прагляду — яе прадаюць».
У выніку сям’я знайшла прыдатны для сябе варыянт — кватэру на «другасным рынку» зь вялікай кухняй і трыма пакоямі. Вырашылі купляць жыльлё ў старым раёне па двух прычынах: звычайна ў іх ёсьць расейскамоўныя школы і, па-другое, былі абмежаваньні па бюджэце — маглі выдаткаваць ня больш за 120 000 эўра.
«Першапачаткова мы зьвярнуліся ў банк з пытаньнем, ці можам атрымаць крэдыт, — апісвае Ігар этапы пакупкі. — Атрымалі папярэднюю згоду, але трэба было знайсьці кватэру». Толькі пасьля гэтага банк выдаў афіцыйнае пацьверджаньне. Далей было некалькі сустрэч у натарыюса з прадаўцамі, рыэлтарамі і прадстаўнікамі банка для заключэньня зьдзелкі. Увесь працэс куплі жыльля заняў паўтара месяца: два тыдні на пошук кватэры і яшчэ 4 — на афармленьне.
Ігару і Аксане далі крэдыт на 25 гадоў пад 2 працэнты плюс стаўка EURIBOR (пераменны працэнт, які можа як расьці, так і зьніжацца). «Цяпер выплаты па крэдыце складаюць каля 600 эўра ў месяц. Калі EURIBOR пойдзе ўніз, то сума зьменшыцца», — тлумачыць Алег. Арэнда такой жа кватэры, паводле падлікаў сям’і, абыходзілася б на 100 эўра даражэй.
Уцекачы могуць разьлічваць на субсыдыю
Важны момант, які Ігар і Аксана раяць улічыць пры куплі нерухомасьці — гэта тое, што ў Літве па такіх зьдзелках забаронена разьлічвацца наяўнымі. Усе грошы на першы ўзнос да моманту пакупкі павінны ляжаць у банку, а гэта немалая сума. Бо нават пры гіпатэцы як мінімум 20 працэнтаў трэба аплаціць з уласных сродкаў.
Лепш загадзя адкрыць рахунак, таму што з гэтым могуць быць складанасьці: доўга пытаюцца дакумэнты, правяраюць крыніцы даходаў — ці ня зьвязаныя яны з санкцыйнымі банкамі. Залічэньне грошай на рахунак таксама можа заняць час. Напрыклад, у Swedbank без камісіі і дадатковых праверак атрымаецца пакласьці ня больш за 7, 5 тысячы эўра ў месяц.
Самы хуткі і танны варыянт у такім выпадку, па словах Ігара, гэта пераводы праз Paysera да 15 тысяч эўра ў дзень. Сям’я таксама сутыкнулася з абмежаваньнямі пры пераводзе даляраў у эўра ў Літве: ім дазволілі абмяняць ня больш за 15 тысяч за адзін раз.
Яшчэ адной складанасьцю для беларусаў, на думку Ігара, можа стаць патрабаваньне банкаў аб рабоце на адным месцы ня менш за год. Справа ў тым, што бежанцы не заўсёды маюць права на працаўладкаваньне ў Літве да атрыманьня адпаведнага статуса. «Я сам падчас пакупкі кватэры якраз хацеў памяняць працадаўцу, і прыйшлося дамаўляцца, каб мяне пачакалі паўтара месяца».
У той жа час статус міжнароднай абароны дазволіў сям’і падаць заяву на дзяржаўную субсыдыю. Яе могуць атрымаць сем’і бежанцаў, дзе мужу і жонцы ня больш за 36 гадоў і даход за мінулы год не перавышае ўстаноўленую суму.