Суд Партызанскага раёну Менску 7 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацыі друкаванага выданьня «Автодайджест».
Як паведаміла выданьне «Позірк», у рэдакцыі пра гэта даведаліся толькі праз пяць дзён — 12 сакавіка.
З спасылкай на інфармаваную крыніцу выданьне паведаміла, што ўлады не выказвалі заўваг да дзейнасьці рэдакцыі. Але незадоўга да адзінага дня галасаваньня (25 лютага), «прыкладна 16 лютага» затрымалі галоўнага рэдактара і заснавальніка «Автодайджеста» Анатоля Шаўчэнку і пасьля арыштавалі яго на 12 содняў «нібыта за хуліганства».
Сайт «Автодайджеста» абнаўляецца. У сьпісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Міністэрства інфармацыі напісана, што ў яго ўключылі «сродкі масавай інфармацыі «Автодайджест», аднак менавіта сайт ня згадваецца.
«Автодайджест» — аўтамабільнае інфармацыйна-рэклямнае выданьне, выдаецца зь сьнежня 1996 году раз у месяц, мае наклад 10 000 экзэмпляраў. Апошні тыраж друкавалі 28 лютага.
Газэту можа было набываць праз падпіску ці «Белсаюздрук». У Менску газэта распаўсюджваецца бясплатна празь сеткі АЗС «Лукойл», «Беларуснафта», сеткі станцыяў тэхабслугоўваньня, а таксама праз шэраг бізнэс-цэнтраў.
На сайце выданьня адзначаецца, што рэдакцыя рэалізуе ідэю бясьпечных паводзінаў кіроўцаў і пешаходаў на дарогах; з 2004 году «Автодайджест» праводзіў штогадовую акцыю «Спартоўцы — за бясьпеку дарожнага руху».