Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст Беларусі падаў пазоў аб ліквідацыі асацыяцыі недзяржаўнага тэлебачаньня, якая існуе 30 гадоў


Менскі гарадзкі суд 19 сакавіка разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя недзяржаўнага тэлебачаньня» (БАНТ), вынікае з раскладу на партале электроннага судаводзтва, паведамляе «Позірк».

Судзьдзя Алена Шэмет пачне працэс у 10:00.

Беларуская асацыяцыя недзяржаўнага тэлебачаньня зарэгістраваная 13 сьнежня 1993 году (прайшла перарэгістрацыю ў 1999-ым), вынікае са зьвестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Арганізацыя стваралася для каардынацыі незалежных тэлекампаній, прапаноўвала паслугі па вытворчасьці камэрцыйнай і сацыяльнай відэапрадукцыі вяшчальнікам у Беларусі і Расеі.

У дзень працэсу па ліквідацыі БАНТ Менскі гарадзкі суд разгледзіць яшчэ тры аналягічныя пазовы Мінюста — аб ліквідацыі

  • грамадзкага аб’яднаньня «Адкрытае грамадзтва» (11:00, судзьдзя Іна Ялавая),
  • Беларускага рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня выкладчыкаў нямецкай мовы (12:00, судзьдзя Юры Шастакоў),
  • Асацыяцыі выпускнікоў інстытуту дзяржаўнай службы (15:00, судзьдзя Алена Пруднікава).

Адметна, што ГА «Адкрытае грамадзтва», зарэгістраванае 22 кастрычніка 1993 году, да верасьня 1999-га называлася «Фонд «Адкрытае грамадзтва». Пад такой жа назвай з 1993 году фінансіст і філянтроп Джордж Сорас разьвіваў у многіх краінах свьету сетку арганізацый па падтрымцы грамадзянскай супольнасьці.

Аб’яднаньне выкладчыкаў нямецкай мовы існуе з 5 жніўня 2005 году, Асацыяцыя выпускнікоў інстытута дзяржаўнай службы (інстытут зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Акадэміі кіраваньня) — з 28 студзеня 2009 году.

  • У 2023 годзе Міністэрства юстыцыі правяло «кантрольныя мерапрыемствы» ў дачыненьні да больш чым тысячы грамадзкіх аб’яднаньняў. Паводле ведамства, у выніку праверак 410 некамэрцыйным арганізацыям вынесьлі пісьмовыя папярэджаньні. На падставе пазоваў Міністэрства юстыцыі суды ліквідавалі 11 палітычных партый, 107 грамадзкіх аб’яднаньняў, 2 фонды.
  • Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на канец лютага 2024 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася сама меней 981 некамэрцыйная арганізацыі , рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі яшчэ сама меней 582 арганізацыі. Праваабаронцы адзначаюць, што рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на чальцоў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне.
  • Агулам грамадзкі сэктар Беларусі, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1563 некамэрцыйныя арганізацыі (грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG