Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ліквідуюць ляяльнае ўладам аб'яднаньне, кіраўнік якога атрымаў мэдаль за «раскрыцьцё фактаў генацыду беларускага народа»


Гомельскі абласны суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Гомельскі абласны суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Гомельскі абласны суд 15 сакавіка разгледзіць справу аб ліквідацыі пошукавага грамадзкага аб’яднаньня «Ніколі не забудзем», вынікае з раскладу на сайце электроннага судаводзтва, заўважыла выданьне «Позірк». Прычыны ліквідацыі невядомыя.

З пазовам у суд зьвярнулася галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.

Пошукавае грамадзкае аб’яднаньне «Ніколі не забудзем» зарэгістравана ў 2018 годзе ў Добрушы (Гомельская вобласьць). Займаецца пошукам парэшткаў савецкіх салдат, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, артэфактаў тых гадоў, дасьледаваньнем архіўных дакумэнтаў з мэтай устанаўленьня месцаў баявых дзеяньняў на тэрыторыі вобласьці.

Арганізацыя ляяльная ўладам, пра яе рэгулярна пішуць дзяржаўныя СМІ. Летась яе кіраўніка Мікалая Басянкова ўзнагародзілі юбілейным мэдалём «85 гадоў Гомельскай вобласьці». З гэтай нагоды раённая газэта «Добрушскі край» пісала, што мэдаль Басянкоў атрымаў «за асабісты ўнёсак у захаваньне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, раскрыцьцё фактаў генацыду беларускага народа», а сама ён адзначыў, што «рады, што наша важная справа падтрымліваецца ўладай».

У 2023 годзе Міністэрства юстыцыі правяло «кантрольныя мерапрыемствы» ў дачыненьні да больш чым тысячы грамадзкіх аб’яднаньняў. У выніку праверак 410 некамэрцыйным арганізацыям вынесьлі пісьмовыя папярэджаньні. На падставе пазоваў Міністэрства юстыцыі суды ліквідавалі 11 палітычных партый, 107 грамадзкіх аб’яднаньняў, 2 фонды.

Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на канец студзеня 2024 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзіліся сама меней 969 некамэрцыйных арганізацый, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі яшчэ сама меней 564 арганізацыі. Праваабаронцы адзначаюць, што рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на чальцоў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне.

Агулам грамадзкі сэктар Беларусі, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1533 некамэрцыйныя арганізацыі (грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG