Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства Беларусі ў Сафіі назвала Ціханоўскую «злачынцай» падчас яе візыту ў Баўгарыю


Сьвятлана Ціханоўская з кіраўніцай МЗС Баўгарыі Марыяй Габрыель, Сафія, 5 сакавіка 2024 году
Сьвятлана Ціханоўская з кіраўніцай МЗС Баўгарыі Марыяй Габрыель, Сафія, 5 сакавіка 2024 году

Візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Баўгарыю не спадабаўся беларускім дыпляматам, якія там працуюць.

Пасольства Беларусі ў Баўгарыі пракамэнтавала візыт у Сафію дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х (былы Twitter) яе абазвалі «злачынцай».

«Найлепшая падтрымка Беларусі — захаваньне асноўных прынцыпаў міжнароднага права, у тым ліку неўмяшаньне ўва ўнутраныя справы і павага сувэрэнітэту. Мы заклікаем вярнуцца да канструктыўнага дыялёгу, заснаванага на партнэрстве і ўзаемнай павазе», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай 6 сакавіка.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары «Позірку» адзначыў, што «беларуска-баўгарскім адносінам ніхто не нашкодзіў так, як рэжым Лукашэнкі, і падчас візыту мы гэта бачылі. Адыёзная дыпляматыя з боку гэтай амбасады, на жаль, толькі шкодзіць успрыманьню беларусаў у Баўгарыі».

Паводле яго, «адсылка да захаваньня міжнароднага права ад прадстаўнікоў рэжыму, якія патапталіся па міжнародных нормах і дамовах, выглядае сьмешна».

Сьвятлана Ціханоўская наведвала Баўгарыю з афіцыйным візытам 4–5 сакавіка. Яна правяла шэраг сустрэч з баўгарскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Нікалаем Дэнкавым, кіраўніцай МЗС Марыяй Габрыель, сьпікерам Нацыянальнага сходу Расэнам Жэлязкавым, былым прэм’ерам, кіраўніком парлямэнцкага камітэту ў справах Эўропы Кірылам Петкавым, мэрам Сафіі Васілам Тэрзіевым, намесьнікам міністра юстыцыі Эмілам Дэчавым, дарадцам міністра ў эўрапейскіх справах Стэфанам Тафравым.

3 сакавіка, за дзень да візыту Ціханоўскай у Баўгарыю, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасьць да аднаўленьня «канструктыўнага супрацоўніцтва» з Баўгарыяй, «у першую чаргу ў гандлёвай і гуманітарнай сфэрах». Віншуючы 3 сакавіка народ гэтай краіны з Днём вызваленьня ад асманскага прыгнёту, ён выказаў упэўненасьць, што збліжэньню Менску і Сафіі будуць спрыяць «духоўная блізкасьць, сымпатыя і павага паміж беларускім і баўгарскім народамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG