Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрэмізм у нагрузку. Як чыноўнікаў, затрыманых за карупцыю, у дадатак судзяць і па палітычных артыкулах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі з палітычных матываў закранаюць ня толькі шараговых беларусаў. Расказваем пра некалькі сьвежых выпадкаў.

Суды за хабар — ня дзіва для чыноўнікаў у Беларусі. Цяпер жа часам у раскладзе судоў побач з эканамічнымі артыкуламі можна пабачыць палітычныя. Расказваем пра некаторыя выпадкі.

Галоўныя санітарныя лекары

Як стала вядома Свабодзе, ад пачатку году «зьніклі» два галоўныя санітарныя лекары Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласьці. Паводле папярэдняй інфармацыі, спачатку іх затрымалі за карупцыю. Але пазьней, праверыўшы тэлефоны і сацыяльныя сеткі, знайшлі «экстрэмізм», які пацягнуў на крымінальную справу.

На сайце Веткаўскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі й грамадзкага здароўя галоўным лекарам пазначаны Андрэй Каржоў. Да нядаўняга часу ён быў лекарам-гігіеністам, загадчыкам аддзелу гігіены. Дзе ягоны папярэднік Валеры Вашэчка — не паведамляюць. Публічнай інфармацыі аб тым, што яго перавялі на іншае месца працы ці адправілі на пэнсію, не было.

Да нядаўняга часу галоўным санітарным лекарам Чачэрскага раёну быў Сяргей Канода. Цяпер жа гэтая пасада, калі верыць сайту Чачэрскай санстацыі, вакантная. Згадку пра тое, што Канода — галоўны санітарны лекар Чачэрскага раёну, прыбралі з сайту.

Кіраваў банкам, цяпер судзяць за хабар, наркотыкі і «палітыку»

У Гомельскім абласным судзе ідзе разгляд крымінальнай справы былога кіраўніка дырэкцыі «Белінвестбанку» па Гомельскай вобласьці Алега Гарэлава. Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Піскуноў, вядомы прысудамі ў палітычна матываваных справах.

Былога кіраўніка філіі банку судзяць за «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), атрыманьне хабару (ч. 3 арт. 430 КК) і «незаконны абарот наркотыкаў» (ч. 1 арт. 328 КК).

Алег Гарэлаў скончыў камэрцыйны факультэт Беларускага гандлёва-эканамічнага ўнівэрсытэту спажывецкай каапэрацыі. Працаваў у «Дэльта-банку», у тым ліку начальнікам цэнтральнага банкаўскага ўпраўленьня. Пасьля банкруцтва «Дэльта-банку» перайшоў у «Белінвестбанк». У чым менавіта абвінавачваюць былога банкіра — невядома.

Таксама у судзе Савецкага раёну Гомля у канцы лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы кіраўніка прадпрыемства «СпецЭлектраСіла» Юрыя Шайкевіча і яшчэ аднаго фігуранта — Станіслава Любчанкі. Іх абвінавачваюць у атрыманьні і дачы хабару (артыкул 430 КК). Але разам з тым ёсьць і іншае абвінавачаньне — «абраза Лукашэнкі» (артыкул 368 КК).

Чуткі пра зьняволеньне былога кіраўніка Гомля

Паводле інфармацыі Свабоды, ў сярэдзіне і канцы лютага людзі, якія выходзілі пасьля арышту з гомельскага ізалятару часовага ўтрыманьня, расказвалі, што былі там адначасова з былым кіраўніком Гомля Пятром Кірычэнкам. Зараз ён займае пасаду старшыні Гомельскага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў. Ён жа ў сьнежні 2023 году ўзначаліў Гомельскую абласную выбарчую камісію.

«Нам, арыштантам, самі канвойныя казалі, што Кірычэнка быў на „сутках“. Але сядзеў асобна ад усіх „экстрэмістаў“, на іншым паверсе. Міліцыянты самі былі ў шоку ад такога», — апавядаў Свабодзе адзін з тых, хто нядаўна вызваліўся з гомельскага ІЧУ.

Іншы жыхар Гомля, які таксама трапіў на «суткі» ў лютым, заўважаў, што па ізалятары «хадзіла такая інфармацыя», але сам асабіста ён ня бачыў Кірычэнку.

Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды сьцьвярджае, што ў канцы студзеня прасіўся на прыём да Кірычэнкі і ня трапіў, бо таго не было на працы. На сайце Гомельскага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў з 23 студзеня па 15 лютага згадак пра падзеі з удзелам Пятра Кірычэнкі няма, хоць звычайна пра яго там пішуць часта.

Афіцыйнай інфармацыі пра магчымае затрыманьне Пятра Кірычэнкі, а таксама пра яго прычыны не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG