Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу на галоўнага інжынэра аднаго з філіялаў ААТ «Мінаблаўтатранс», які дапусьціў да ўдзелу ў дарожным руху няспраўны МАЗ, што ўрэзаўся ў маршрутку ў Смалявіцкім раёне, паведамляе прэс-служба ведамства.
Галоўнага інжынэра прадпрыемства абвінавачваюць у службовай халатнасьці, якая прывяла ад неасьцярожнасьці да сьмерці чалавека (частка 2 артыкула 428 КК). Паводле матэрыялаў справы, ён «працяглы час не прымаў належных мераў і дзеяньняў» для арганізацыі перадрэйсавага кантролю самазвала МАЗ, а таксама для праверцы яго тэхнічнага стану.
Як паведамляе пракуратура, у дзень аварыі 20 лютага 2023 году самазвал МАЗ выехаў на маршрут зь няспраўнасьцю хадавой часткі.
20 лютага 2023 году на дарозе Смалявічы – Шацак самазвал МАЗ сутыкнуўся з маршруткай. У выніку аварыі на месцы загінулі 11 чалавек, яшчэ двое памерлі пазьней у шпіталі.
Раней кіроўцу грузавога аўтамабіля асудзілі ў гэтай справе на 7 гадоў калёніі.
Паводле рашэньня суду сваякам загінулых у ДТЗ пад Смалявічамі мусілі выплаціць звыш 2,5 млн рублёў кампэнсацыі.