Яны здымалі сюжэт аб транзыце прадукцыі паміж Польшчай і Расеяй праз Беларусь.
«Ля мяжы Польшчы зь Беларусьсю да нас пад’ехалі польскія паліцыянты і паказалі значок. Мы паказалі нашы дакумэнты і пасьведчаньні журналісцкія. Яны пачалі хапаць нашы камэры, абшукваць. Далей нас прывезьлі ў камэндатуру. Каля 10 чалавек пачалі абшукваць нашу машыну, нас, выкінулі нашы рэчы на капот, забралі ўсе карткі памяці з камэр, забралі ўсе тэлефоны, дакумэнты», — расказаў Ткач. Паводле яго, польскія сілавікі выдалілі частку зьнятага матэрыялу.
Ткач расказаў, што яго дапытвалі ня толькі польскія паліцыянты, але і супрацоўнікі спэцслужбаў. Яны пыталіся, ці ведаюць аб яго працы ўкраінскія чыноўнікі і ўрад, а таксама спрабавалі высьветліць імёны крыніц.
Сытуацыю ўлагодзілі пасьля ўмяшаньня пасольства Ўкраіны ў Польшчы. Тое, што адбылося, пракамэнтавала галоўная рэдактарка «Української правди» Сеўгіль Мусаева:
«Мы абураныя гэтай сытуацыяй, якую ўдалося нармалізаваць толькі пасьля агалоскі і пры падтрымцы пасольства Ўкраіны ў Польшчы».
Польскі бок пацьвердзіў, што ўкраінскіх журналістаў даставілі ў пастарунак. Старшы камісар Анджэй Фіёлэк, прэс-сакратар камэнданта правінцыйнай паліцыі ў Любліне, паведаміў, што мужчын даставілі ў пастарунак для высьвятленьня іх асобаў. Празь некалькі гадзін іх адпусьцілі.
Амбасадар Васіль Зварыч у інтэрвію Wirtualna Polska пацьвердзіў, што ўмяшаўся ў справу журналістаў.
Запісвалі чыгуначны рух, запускалі дрон. Міліцыя вырашыла праверыць, хто гэта, каб ня выявілася, што гэта правакатары. Справа вырашылася хутка, запэўніў Зварыч.
Інцыдэнт з журналістамі пацьвердзіў супэрынтэндант Анджэй Фіёлэк, прэс-сакратар камэнданта ваяводзтва ў Любліне. Паліцыю папярэдзілі заклапочаныя жыхары Лукава, якія два дні бачылі ў гэтым раёне людзей зь бесьпілётнікамі, сказаў ён у інтэрвію Wirtualna Polska.