Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней можна было адмовіцца, цяпер не». Што расказалі мэдыкі пра паборы на Чырвоны Крыж


Дзьмітры Шаўцоў на зьедзьзе Беларускага Чырвонага Крыжа, 2021
Дзьмітры Шаўцоў на зьедзьзе Беларускага Чырвонага Крыжа, 2021

Пазбаўлены фінансаваньня ад галоўнай арганізацыі Беларускі Чырвоны Крыж папрасіў улады зьбіраць для іх грошы з мэдыкаў. Расказваем, як гэта адбываецца і ці можна адмовіцца.

Беларускі фонд мэдыцынскай салідарнасьці апублікаваў ліст Беларускага Чырвонага Крыжа ў адрас менскіх уладаў з просьбай зьбіраць з мэдыкаў па 1% з заробку раз на год. Удзельнічаць у гэтым мусяць сябры афіцыйнага прафсаюзу, зь якога амаль немагчыма выйсьці, калі ты працуеш у дзяржаўнай структуры.

Як высьветліла Свабода, падобная практыка існуе ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. І ня толькі сярод мэдыкаў. У сьнежні 2023 году Беларускі Чырвоны Крыж выключылі зь Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца за адмову звольніць старшыню таварыства Дзьмітрыя Шаўцова, які наведваў акупаваныя Расеяй ва Ўкраіне тэрыторыі і выказваўся ў падтрымку расейскай агрэсіі.

Расьсьледніцкі цэнтар «Бюро» расказаў, як раней Дзьмітры Шаўцоў адпачываў за мяжой за міжнародныя грошы. Праз Шаўцова Беларускі Чырвоны Крыж страціў да 99% міжнароднага фінансаваньня.

Даведаліся, як цяпер Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа зьбірае грошы.

«Мы ня можам адмовіцца»

Выглядае схема наступным чынам. Супрацоўнікі дзяржаўных установаў пішуць заяву, у якой пазначаюць, што яны ня супраць раз на год добраахвотна пералічваць 1% месячнага заробку на патрэбы Беларускага Чырвонага Крыжа.

Супрацоўніца адной зь лякарняў Гомля на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе, што ніхто з мэдыкаў не задае пытаньняў ні калегам, ні кіраўніцтву пра ўнёскі на Чырвоны Крыж, Таварыства ратаваньня на вадзе, падпіску на «СБ. Беларусь сегодня».

«Людзі настолькі запалоханыя, што любыя новыя паборы ўспрымаюць моўчкі. Мы ня маем права адмовіцца ад збору сродкаў на Чырвоны Крыж ці Таварыства ратаваньня на вадзе, як ня маем права выйсьці зь дзяржаўнага прафсаюзу. Некаторыя, дарэчы, на хвалі 2020 году падавалі заявы на выхад з прафсаюзу. Цяпер яны пэрыядычна цярпяць кпіны і шпількі ад кіраўніцтва за тую няўдалую спробу „бунту“», — патлумачыла сытуацыю супрацоўніца лякарні.

Яна кажа, на Чырвоны Крыж «традыцыйна» ідзе 1% заробку за студзень.

«Абавязковая падпіска на газэты і часопісы была заўжды. Але раней мы выбіралі хоць нешта карыснае — профільныя мэдыцынскія газэты і часопісы. Потым нас абавязалі падпісвацца менавіта на «СБ. Беларусь сегодня» і «Гомельскую праўду», — дадала яна.

Мэдык кажа, што ў студзені кіраўніцтва лякарні патрабавала ў супрацоўнікаў дадаткова «скінуцца на Асвод», недзе па 5-7 рублёў з чалавека.

Ня толькі мэдыкі

Як стала вядома Свабодзе, здаваць раз на год 1% ад заробку на Беларускі Чырвоны Крыж просяць яшчэ на некалькіх прадпрыемствах. Напрыклад, на Барысаўскім камбінаце хлебапрадуктаў. Праўда, там супрацоўнікі ўсё яшчэ могуць адмовіцца ад такой практыкі.

Пра тое ж журналістам «Люстэрка» расказвалі супрацоўнікі МАПІД. Але ў міністэрстве нібыта зьбіралі па 6 рублёў. Некаторыя супрацоўнікі, па зьвестках выданьня, адмовіліся скідвацца.

«Цяпер гэта абавязкова-прымусовая сытуацыя»

Прафсаюзны актывіст і лекар Станіслаў Салавей кажа, што паборы на Чырвоны Крыж існавалі заўжды. Аднак раней мэдыкі маглі адмовіцца ад гэтага амаль без наступстваў.

«Быў сьпіс, паводле якога прасілі грошы на Чырвоны Крыж пад подпіс супрацоўніка. Калі чалавека не было на зьмене ці ён быў у адпачынку, то грошай ня бралі. Трэба было асабіста злавіць чалавека. Можна было адмовіцца, хоць і маглі быць нейкія моманты ціску. А цяпер ты ўступаеш у прафсаюз і плаціш, апроч прафсаюзных унёскаў, яшчэ і на Чырвоны Крыж. Гэта цяпер абавязкова-прымусовая сытуацыя», — кажа лекар.

Станіслаў Салавей дадае, што грошы зьбірае не непасрэдна Чырвоны Крыж, а дзяржава. Калі чалавек выйдзе з прафсаюзу, яго могуць проста звольніць.

«Лекараў проста рабуюць, але калі ты выступіш — страціш працу. Адкрыта супраціўляцца ніхто ня будзе, бо не падоўжаць кантракт. Гэтыя грошы выб’юць. На той хвалі тэрору мэдыкам лягчэй прагаласаваць нагамі, выехаць ці памяняць спэцыяльнасьць», — мяркуе Салавей.

Згодна з дадзенымі Белстату за 2022 год, у беларускай мэдыцыне працавалі 172 600 чалавек, гэта лекары і сярэдні мэдыцынскі пэрсанал (мэдсёстры, фэльчары).

Сярэдні заробак у мэдыцыне за сьнежань 2023 году — 1880,5 рубля.

Адзін адсотак ад такога заробку — гэта 18 рублёў 8 капеек раз на год. Калі ўсе супрацоўнікі мэдыцыны скінуцца, атрымаецца 3,2 мільёна рублёў на год, або 989 тысяч даляраў паводле цяперашняга курсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG