Пасьля завяршэньня выбараў яны абнародавалі папярэднюю справаздачу аб сваім назіраньні.
Праваабаронцы на сваім сайце ўжывалі паняцьце выбары адносна сёлетняй кампаніі словам з зорачкай «выбары*».
Яны тлумачылі, што «Тэрмін „выбары*“ у дачыненьні да выбарчай кампаніі 2024 года выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсьліць умоўнасьць гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае ўсе ўмовы, пры якіх у поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, у тым ліку свабода слова, свабода мірных. сходаў і аб’яднаньняў, права ўдзельнічаць у кіраваньні сваёй дзяржавай, свабода ад дыскрымінацыі, якія цяпер у Беларусі практычна адсутнічаюць».
У папярэдняй справаздачы праваабаронцы адзначаюць, што выбары*2024 у Беларусі праходзілі ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій; ва ўмовах фактычнай адсутнасьці свабоды выказваньня меркаваньня, мірных сходаў і асацыяцый; у атмасфэры татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі.
У справаздачы гаворыцца, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць любых праяваў таго, што ўспрымаецца ўладамі як палітычная актыўнасьць; ліквідаваныя незалежныя СМІ і сотні арганізацый грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ўсе праваабарончыя.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары» нагадваюць, што пасьля перарэгістрацыі ў краіне засталося 4 палітычныя партыі з 16, усе апазыцыйныя партыі былі ліквідаваныя, а іх чальцы ня могуць ажыцьцяўляць партыйную дзейнасьць пад пагрозай крымінальнага перасьледу па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які быў вернуты ў крымінальнае заканадаўства ў пачатку 2022 года.
«Праведзены кампаніяй „Праваабаронцы за свабодныя выбары“ маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары* дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага скліканьня і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага скліканьня не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь» — гаворыцца ў справаздачы.
Незалежнае назіраньне падкрэсьлівае, што ўсе этапы выбарчага працэсу ня проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрыманьня ўлады, імітацыі народнай падтрымкі і згоды ў грамадзтве.
У якасьці праяваў гэтага адзначаныя:
- непразрыстае фармаваньне выбарчых камісій;
- узгодненыя ўладнай «вэртыкальлю» сьпісы людзей, якія вылучаюцца ў кандыдаты, і зарэгістраваных кандыдатаў;
- агітацыя, якая імітуе палітычную актыўнасьць, але мерапрыемствы і іх мэдыйнае асьвятленьне будаваліся вакол агульных заклікаў прыйсьці прагаласаваць;
- працяг практыкі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні; атмасфэра запалохваньня з забаронамі на фатаграфаваньне і вынас бюлетэняў,
- рыторыка адносна «плянаў экстрэмістаў» і супрацоўнікамі міліцыі на ўсіх участках для галасаваньня;
- непразрыстая працэдура падліку галасоў;
- поўная адсутнасьць незалежных назіральнікаў.