Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніякай альтэрнатывы. Да чаго Лукашэнка рыхтуе беларусаў у 2025 годзе


Аляксандар Лукашэнка, Менск, 25 лютага 2024
Аляксандар Лукашэнка, Менск, 25 лютага 2024

Мінулая выбарчая кампанія была ў пэўным сэнсе ўнікальнай, не падобнай на ўсе папярэднія. Моцны ўплыў на яе аказалі пратэсты 2020 году. Для Лукашэнкі гэта кампанія найперш цікавая як рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца налета.

Сьцісла:

  • Улады пачалі ўспрымаць выбарчы працэс як пагрозу, небясьпеку. Для Лукашэнкі выбары цяпер асацыююцца зь мяцяжом.
  • Калі выбары — гэта пагроза, небясьпека, то адзіны спосаб яе нэўтралізаваць — гэта грубая, у першую чаргу вайсковая, сіла. Таму ўлады разглядаюць выбары як вайсковую апэрацыю, разнавіднасьць вайны.
  • З дапамогай выбараў улады імкнуліся пераадолець «сындром 2020 году». І цяпер выбары — гэта спосаб кансалідацыі беларусаў на глебе падтрымкі рэжыму.
  • Мілітарысцкі псыхоз вакол выбараў сьведчыць пра тое, што ніякага пераадоленьня «сындрому 2020 году» не адбылося.
  • Выбары разглядаюцца ўладамі як генэральная рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году.

Выбары як пагроза

Падзеі 2020 году памянялі для беларускага рэжыму зьмест выбараў. Раней выбарчы працэс быў спосабам легітымізацыі пэрсаналісцкай дыктатуры. Апэляцыя да волі народу надавала выбарам сакральны сэнс, дапамагала ствараць вобраз «народнага прэзыдэнта», фармавала ідэалягічны канструкт «дзяржавы для народу».

2020 год усё радыкальна памяняў. Апошнія прэзыдэнцкія выбары ператварыліся ў мэханізм дэлегітымізацыі існага рэжыму.

Таму цяпер сэнс выбараў стаў іншым. Улады сталі ўспрымаць выбарчы працэс як пагрозу, небясьпеку. Для Аляксандра Лукашэнкі выбары цяпер асацыююцца зь мяцяжом. 20 лютага, выступаючы на нарадзе зь сілавікамі, ён маляваў сцэнары апазыцыі, накіраваныя на гвалтоўны захоп улады, менавіта ў зьвязку з выбарамі.

Калі выбары — гэта пагроза, то лягічнай зьяўляецца выснова неяк пазбавіцца ад іх. Лукашэнка ўголас агучваў гэту ідэю. На нарадзе 30 жніўня 2022 г. ён раптам заявіў: «Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям выбіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на ўсебеларускім народным сходзе. Выбары прэзыдэнта ў той ці іншай ступені разгойдваюць сытуацыю». У межах такога падыходу цалкам лягічна, што галоўным органам улады становіцца нявыбарны інстытут — «усебеларускі народны сход».

Але ўсё ж Лукашэнка не адважыўся зусім адмяніць выбары. Бо гэта было б дэманстрацыяй слабасьці. Усе ўбачылі б: Лукашэнка баіцца выбараў!

Курс на дэпалітызацыю выбараў

Таму, калі ад выбараў пазбавіцца нельга, то ўлады максымальна адтэрмінавалі іх правядзеньне, прычым з парушэньнем Канстытуцыі. Краіна жыла бяз выбараў на працягу трох з паловай гадоў. Потым быў зроблены шэраг захадаў, каб мінімізаваць палітычны характар выбараў, ператварыць іх у тэхнічную працэдуру. Прапанавалі ідэалягічны канструкт выбараў як сьвята з буфэтам, песьнямі і танцамі, пра што гаварылі і Натальля Качанава, і сам Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні на выбарчым участку.

Найперш да кампаніі не дапусьцілі апазыцыю. Гэта першыя за 33 гады незалежнай Беларусі выбары без удзелу апанэнтаў рэжыму. Апазыцыянэры ня ўдзельнічаюць ня толькі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Іх няма ні сярод сяброў выбарчых камісій, ні сярод назіральнікаў. Іншымі словамі, гэтыя выбары толькі для «сваіх».

Каб максымальна скараціць выбарчы працэс, не палітызаваць грамадзтва, быў уведзены так званы «адзіны дзень галасаваньня». Усяго тры тыдні адведзена на этап агітацыі. Абмежавалі месца для збору подпісаў і агітацыйных мерапрыемстваў. Увогуле, вылучэньні шляхам збору подпісаў выбарнікаў у параўнаньні зь мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў зьнізілася амаль утрая. Этап вылучэньня кандыдатаў прайшоў фактычна без інфармацыйнай кампаніі, у публічнай прасторы выбарнікаў не заклікалі падпісвацца за кандыдатаў.

Другі бок гэтай праблемы. Калі выбары — гэта пагроза, небясьпека, то адзіны спосаб нэўтралізацыі пагрозы, які разумее, ведае і выкарыстоўвае рэжым — гэта грубая ўзброеная сіла. Цалкам натуральна, што ў межах такой лёгікі ўлады разглядаюць выбары як вайсковую апэрацыю, як разнавіднасьць вайны. На абарону выбарчага працэсу былі мабілізаваныя ўсе сілавыя структуры, нават армія, пажарнікі, нейкія дружыны.

Зазначу толькі, што канструкт «выбары як сьвята» і канструкт «выбары як пагроза, небясьпека, якую трэба нэўтралізоўваць з дапамогай узброенай сілы», вельмі розныя. Яны супярэчаць адзін другому, што яскрава выявілася падчас гэтай кампаніі.

Спроба пераадоленьня «сындрому 2020 году»

Аднак калі выбары ўсё ж, насуперак усім страхам, праводзяцца, то яны павінны выканаць яшчэ нейкую функцыю, акрамя таго каб даказаць, што Лукашэнка іх не баіцца.

Улады не хавалі, што цяперашні «адзіны дзень галасаваньня» — гэта спроба пераадоленьня «сындрому 2020 году», імкненьне «перагарнуць старонку». Рэжым хацеў даказаць, што тады падчас прэзыдэнцкай кампаніі адбылося нейкае непаразуменьне, ад якога пазбавіліся. Маўляў, краіна вяртаецца ў ранейшыя часы. І цяпер выбары — гэта спосаб кансалідацыі беларусаў вакол правадыра, мэханізм легітымізацыі рэжыму ў новай таталітарнай форме.

У адмысловай мэтадычцы, якую ўлады падрыхтавалі для ідэалягічнай вэртыкалі, адзначаецца:

«Выбары — гэта ня толькі фармаваньне прадстаўнічых органаў улады, але яшчэ і ўнівэрсальны мэханізм кансалідацыі і грамадзкага яднаньня беларускага народу... Прыйсьці на выбарчы ўчастак і зрабіць свой выбар — гэта ня толькі абавязак кожнага з нас, але яшчэ і гучнае „не“ грамадзкаму супрацьстаяньню, „майдану“ і хаосу ў нашай краіне».

Заклікі ўладаў прыйсьці на выбары былі асабліва актуальнымі ў сытуацыі, калі Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў не хадзіць на выбарчыя ўчасткі.

Таму для ўладаў такой важнай была яўка на выбары. І рэкорд датэрміновага галасаваньня (41,71%) — важкі аргумэнт на карысьць высновы, што кансалідацыя адбылася.

Але тут мы зноў убачылі, як розныя мэсэджы супярэчаць адзін другому. Мілітарысцкі псыхоз вакол выбараў якраз сьведчыць пра тое, што ніякага пераадоленьня «сындрому 2020 году» не адбылося, ніякай старонкі не перагарнулі. Бо калі грамадзтва сапраўды супакоілася, краіна вярнулася ва ўмоўны 2019 год, беларусы кансалідаваліся вакол правадыра, то навошта мабілізоўваць войска?

Больш за тое, «адзіны дзень галасаваньня» паказаў, што ва ўладаў зьявіўся новы псыхалягічны комплекс, які можна назваць «сындромам выбараў», г. зн. страхам перад выбарчым працэсам як такім. Уласна кажучы, ён зьявіўся адразу пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, але яскрава праявіўся менавіта цяпер.

Нарэшце, яшчэ адзін сэнс гэтых выбараў палягае ў тым, што яны разглядаюцца ўладамі як «пробны заезд», генэральная рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году. Лукашэнка ўжо некалькі разоў выказаў гэтую думку. Не выпадкова на выбарчым участку ён абвесьціў пра свае пляны зноў балятавацца на пасаду прэзыдэнта.

І можна прагназаваць, як будзе праходзіць наступная прэзыдэнцкая кампанія. Ня будзе ніякай, нават слабой альтэрнатывы. 2020 год, калі былі зарэгістраваны аж чатыры апанэнты Лукашэнкі, якія даволі моцна крытыкавалі ўладара, больш не паўторыцца. Альтэрнатыва Лукашэнку калі і будзе, то толькі намінальнай, у выглядзе нейкай карыкатуры.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG