Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралія ўвяла санкцыі супраць трох беларусіх прадпрыемстваў і дзьвюх фізычных асобаў


У другую гадавіну поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Аўстралія абвясьціла пра новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, паведаміла МЗС краіны. У санкцыйны сьпіс трапілі тры прадпрыемствы і дзьве фізычныя асобы зь Беларусі.

«Фінансавыя санкцыі» і забарону на паездкі ў Аўстралію ўвялі супраць двух грамадзян Беларусі, якіх лічаць датычнымі да ўдзелу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны:

  • генсакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова,
  • кіраўніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава.

Санкцыі ў дачыненьні да юрыдычных асобаў закранулі тры беларускія прадпрыемствы:

  • холдынг «Гарызонт», адна з найбуйнейшых кампаній у Беларусі па вытворчасьці побытавой і прамысловай электронікі;
  • ААТ «Волатаўта», якое спэцыялізуецца ў галіне стварэньня (мадэрнізацыі), вытворчасьці, рамонту, тэхнічнага абслугоўваньня ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі;
  • ААТ «Планар», навукова-тэхнічны комплекс, які займаецца распрацоўкай і пастаўкай спэцыялізаванага тэхналягічнага абсталяваньня для рэалізацыі тэхналёгіяў у мікраэлектроніцы.

У МЗС Аўстраліі падкрэсьлілі, што новыя санкцыі накіраваныя на «расейскія закупачныя сеткі ў Беларусі, Іране і Паўночнай Карэі».

Агулам у новы санкцыйны сьпіс трапілі 55 чалавек і 37 арганізацый, у асноўным з Расеі. Аўстралія ўвяла санкцыі ўсьлед за сваімі саюзьнікамі. Раней пра новыя абмежаваньні ў дачыненьні да Беларусі і Расеі аб’явілі ЗША, Вялікая Брытанія і Эўразьвяз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG