Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ухваліў прымеркаваны да другой гадавіны ўварваньня ва Ўкраіну 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі


Прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль. Архіўнае фота
Прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль. Архіўнае фота

Абмежаваньні ўвялі датычна 106 фізычных і 88 юрыдычных асобаў. Адпаведны прававы акт неўзабаве апублікуюць у Афіцыйным весьніку ЭЗ.

Эўрапейскі зьвяз ухваліў 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі ў сувязі з другой гадавінай пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Як адзначаецца ў адмысловай заяве Эўразьвязу, абмежаваньні ўвялі супраць тых, хто нясе адказнасьць за працяг незаконнай, несправакаванай і неапраўданай агрэсіўнай вайны і тых, хто яе падтрымлівае.

«Сёньня мы ўвялі яшчэ больш жорсткія абмежаваньні датычна расейскага вайсковага і абароннага сэктару, датычна дадатковых арганізацый у трэціх краінах, якія пастаўляюць абсталяваньне, а таксама датычна тых, хто нясе адказнасьць за незаконную дэпартацыю і вайсковае перавыхаваньне ўкраінскіх дзяцей», — заявіў прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Паводле яго, Эўразьвяз па-ранейшаму аб’яднаны ў рашучасьці падарваць ваенную машыну Расеі і дапамагчы Ўкраіне выйграць у яе законнай барацьбе за незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт.

У заяве адзначаецца, што абмежаваньні ўвялі датычна 106 фізычных і 88 юрыдычных асобаў. Адпаведны прававы акт неўзабаве апублікуюць у Афіцыйным часопісе ЭЗ.

Хто зь беларусаў трапляе пад санкцыі

Як стала вядома Свабодзе з крыніц у Брусэлі, у чарнавы варыянт 13-га санкцыйнага сьпісу супраць Расеі трапіла некалькі беларускіх прадпрыемстваў і іх кіраўнікоў, а таксама грамадзкіх арганізацый, якія ўдзельнічалі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.

Санкцыйныя абмежаваньні прапанавалі ўвесьці супраць Аршанскага авіярамонтнага заводу і яго генэральнага дырэктара, грамадзяніна Беларусі Паўла Случака. Прадпрыемства займаецца рамонтам верталётаў Mi-24 і Mi-35, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.

У санкцыйныя сьпісы прапануюць уключыць Барысаўскі завод па рамонце радыёэлектроннай зброі і ягонага дырэктара Валерыя Шацілу. Завод выконвае заказы Ўзброеных сіл Расеі.

У 13-ы санкцыйны сьпіс таксама трапіла беларуская кампанія «Пеленг», якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю.

У праект новага санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу ўключылі таксама грамадзяніна Беларусі Сяргея Астафурава, які ўзначальвае расейскую кампанію «НТЦ Промтехаэро», якая займаецца прамысловымі тэхналёгіямі і аэранавігацыйнымі сыстэмамі. Кампанія ўваходзіць у структуру АТ «Алмаз-Антэй» — дзяржаўнага вытворцы зброі, супрацьпаветраных сыстэм і крылатых ракет.

Апроч таго, санкцыйныя абмежаваньні прапануюць увесьці супраць Аляксея Талая і ягонага дабрачыннага фонду, якія займаюцца незаконным вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Папярэдне ў санкцыйны сьпіс уключылі і ягонага партнэра ў гэтай дзейнасьці Дзьмітрыя Шаўцова, кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

За аналягічную дзейнасьць у санкцыйныя сьпісы плянуюць уключыць старшыню Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітрыя Дзямідава, якога назвалі «адной з ключавых асоб, датычных да прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх далейшага ўсынаўленьня расейскімі і беларускімі сем’ямі».

У санкцыйныя сьпісы прапанавалі ўключыць недзяржаўную арганізацыю «Дэльфіны» і яе заснавальніцу Вольгу Волкаву, якія каардынавалі вываз некалькіх груп украінскіх дзяцей і праводзілі іх «перавыхаваньне». У дакумэнтах сьцьвярджаецца, што гэтая арганізацыя створана ў Беларусі, аднак дзяржаўныя СМІ пісалі, што Вольга Волкава зьяўляецца жыхаркай Данецку і стварыла сваю арганізацыю менавіта там. У дакумэнце, які ў сваім распараджэньні мае Свабода, грамадзянства Вольгі Волкавай не пазначана.

У праект санкцый трапіў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, грамадзянства якога не пазначана, Васіль Шурпанаў, які нарадзіўся ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

Шурпанаў — генэральны дырэктар ААТ «Ніжагародзкі машынабудаўнічы завод». Гэта расейскае вайскова-прамысловае дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца распрацоўкай артылерыйскіх і ракетных сыстэм, у тым ліку зэнітных ракетных комплексаў С-300, якія знаходзяцца на ўзбраеньні расейскага войска.

Усяго ў праект 13-га пакету ўключылі 105 фізычных асобаў (грамадзян Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін), а таксама 85 прадпрыемстваў і кампаній з розных краін, у тым зь Беларусі.

У ЭЗ лічаць іх «адказнымі за дзеяньні дзеля падрыву або пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG