Расея ўсю найноўшую гісторыю рухаецца шляхам павольнага пакутлівага самаразбурэньня, расьцягнутага на дзесяцігодзьдзі. Спачатку быў упарты й неразумны апошні расейскі цар Мікалай, потым прайграная Першая сусьветная вайна, потым самазабойчая грамадзянская вайна, масавы тэрор супраць уласнага насельніцтва ў 20-я і 30-я гады. Пасьля — Другая сусьветная, потым параўнальна мірнае павольнае згасаньне ў «халоднай вайне» супраць Захаду.
Цяпер Расея працягвае вайну ва Ўкраіне, якую расейскія генэралы вядуць гэтак жа, як Другую сусьветную, не шкадуючы жыцьцяў сваіх салдатаў, украінскіх палонных і ў асноўным расейскамоўных усходнеўкраінскіх мірных жыхароў. Ваююць «мяснымі штурмамі», заградатрадамі і штрафбатамі.
Пасярод гэтай вайны расейская дзяржава забіла расейскага Мандэлу Аляксея Навальнага, які як ніхто іншы ўвасабляў хаця б нейкую надзею на тое, што Расея можа збочыць са сваёй самазабойчай гістарычнай траекторыі.
Перад тым гэтая дзяржава, мяркуючы па ўсім, забіла Барыса Нямцова, які мог бы стаць расейскім Вілі Брантам, а яшчэ раней — расейскага Гаўла Андрэя Сахарава (у натуральнасьці ягонай сьмерці сумняваўся нават былы начальнік Пуціна Анатолій Сабчак, які і сам потым памёр пры падазроных абставінах). Адзін за адным гэты цягнік прапускаў паварот за паваротам на сваім шляху ў пекла.
Пакуль расейскае грамадзтва ў сваёй масе не сасьпела да таго, каб чыніць супраціў рэжыму (а досьвед што 1917 году, што 90-х паказвае, што і супраціў той можа прывесьці ўсяго толькі да наступнага кола на той жа сьпіралі), адзіны шанец — уцячы ад Расеі як мага далей, каб гэты калос, падаючы, не пахаваў вас пад сабою.
Краінам Балтыі, Фінляндыі і Польшчы атрымалася «адкалоцца» ад Расеі цэлымі дзяржавамі. Украіна і Малдова захрасьлі дзесьці пасярэдзіне.
Беларусам пакуль што даводзіцца «адплываць» толькі ў індывідуальным парадку. Таму можна радавацца тым, хто не ў Беларусі. І наўрад ці варта сьпяшацца і вяртацца назад. Ніхто з тых, хто за апошнія сто гадоў пакінуў Беларусь, не шкадаваў пра свой выбар мацней за тых, хто вяртаўся.
Цяпер, калі мінуў першы шок ад навіны пра сьмерць Аляксея Навальнага, расейцы мусілі б яшчэ лепш зразумець глыбіню той маральнай прорвы, куды правалілася і працягвае ляцець іхная краіна. На жаль, нямногія зь іх дастаткова моцныя й мудрыя для гэтага выпрабаваньня.
Нерасейцам, у тым ліку беларусам, здаецца, трохі прасьцей.
У літаратуры пра ГУЛАГ (чытайце Салжаніцына, Шаламава, Юрыя Дамброўскага ці пінчука Юліюса Марголіна) пішуць, як ва ўмовах канцлягеру галоўны інтарэс, жыцьцёвы фокус чалавека засяроджваўся на вельмі вузкіх прымітыўных інтарэсах: грамах хлеба, скрадзенай са сховішча бульбіны ці морквы, прыхаванай на вячэру рыбіны. На тым, каб дажыць да наступнага дня («умри ты сегодня, а я завтра»).
Падобным чынам і вайна радыкальна спрашчае пэрспэктыву. Салдату ў акопе — і ўсім неабыякавым людзям цяпер — не да аналізу і не да рэфлексіі. Свае тут, вораг — там: страляй.
У блізкай будучыні загіне яшчэ шмат людзей — мабыць, і са знаёмых вам, а магчыма, і вы самі. Ня думайце пра гэта і ня думайце пра пасьлязаўтра. У любой незразумелай сытуацыі захоўвайце спакой і дапамагайце Ўкраіне — данатамі, валянтэрствам, інфармацыйнай працай.
У Беларусь, магчыма, вы калісьці вернецеся, а магчыма, і ня вернецеся ніколі. Гэта зараз ня важна. Важна трымацца, гартаваць сілы, дапамагаць Украіне тут і цяпер. Дажыць да заўтра, перамагчы ў гэтай бітве — інакш у наступнай, больш важнай бітве вы дакладна не пераможаце.
Усё зразумела і ўсё чорна-белае, а пытаньне толькі ў тым, як найлепш і далей дапамагаць фронту ва Ўкраіне. Каб адпомсьціць і за Навальнага, і за Бучу, і за Вітольда Ашурка ці катаваньні на Акрэсьціна. Злачынцы за ўсім гэтым стаяць практычна адны і тыя ж.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.