Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я працягну справу Аляксея», — Юлія Навальная выпусціла відэазварот пасьля сьмерці мужа ў калёніі


Юлія Навальная
Юлія Навальная

Жонка памерлага расейскага палітыка Аляксея Навальнага Юлія выпусціла відэазварот, у якім заявіла, што працягне справу мужа. Публікацыя за 2 гадзіны сабрала больш за мільён праглядаў.

«Мяне не павінна было быць на гэтым месцы, я не павінна была запісваць гэта відэа. На маім месцы павінен быць іншы чалавек. Але гэтага чалавека забіў Уладзімір Пуцін», — заявіла Юлія Навальная.

Юлія Навальная адзначыла, што Пуцін адабраў самае дарагое, што ў яе было.

«Але яшчэ Пуцін забраў Навальнага ў вас. Разам зь ім ён захацеў забіць нашу надзею, нашу свабоду, нашу будучыню. Зьнішчыць і звесьці на нішто найлепшы доказ таго, што Расея можа быць іншай, што мы моцныя, што мы адважныя і хочам жыць па-іншаму... Усе гэтыя гады я была побач з Аляксеем. Але сёньня я хачу быць побач з вамі, таму што я ведаю, што вы страцілі ня менш, чым я», — заявіла Юлія Навальная.

Яна сказала, што Пуцін забіў Аляксея тры дні таму, і абяцала высьветліць падрабязнасьці здарэньня.

«Мы абавязкова даведаемся, хто менавіта і як менавіта выканаў гэтае злачынства. Мы назавём прозьвішчы і пакажам асобаў», — паабяцала Навальная.

«Аляксей верыў у сваю краіну, верыў у нашу сілу, у тое, што мы вартыя лепшай будучыні. Настолькі моцна верыў, што быў гатовы аддаць за гэта сваё жыцьцё, — сказала Юлія. — Неймаверная ахвяра, якую ён прынёс, не павінна быць марнай».

  • Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
  • Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
  • Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
  • З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
  • У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
  • Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
  • «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
  • Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
  • Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам, у ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць аб тым, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG