Антон Чарамных — чарговы вайсковец, які пасьля падзей 2020 году стане перад судом паводле артыкулу аб здрадзе дзяржаве. Пагаварылі з чалавекам, які знаў Чарамных падчас службы ў беларускім войску і мае сваю вэрсію таго, чаму ўзьнікла абвінавачаньне паводле «сьмяротнага 356-га артыкулу».
Паводле праваабаронцаў «Вясны», вайскоўца вінавацяць у здрадзе дзяржаве (ч. 2 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу) і распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 3. артыкулу 130 КК). Чарамных пагражае да 20 гадоў зьняволеньня, суд над вайскоўцам будзе закрыты. Працэс вядзе судзьдзя Сяргей Кацар. Расказваем, што вядома пра самога вайскоўца і яго справу.
«Ня быў хамам і дзяржымордам»
Гвардыі падпалкоўнік Антон Чарамных служыў намесьнікам у ідэалягічнай працы 310-й групы артылерыі 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады. Яго арыштавалі ў студзені 2023 году ў вайсковым гарадку Бароўка ў Лепельскім раёне і з таго часу трымаюць у СІЗА на Валадарскага.
Гэтую інфармацыю праваабаронцам пацьвердзіў чалавек, які быў з Чарамных у адной камэры. Паводле гэтай крыніцы, спачатку Антона Чарамных падазравалі паводле 130-га артыкулу (распальваньне расавай, нацыянальнай альбо іншай варожасьці), але пазьней у абвінавачаньні зьявіўся і артыкул аб здрадзе дзяржаве. Акалічнасьці справы Чарамных і ягонае стаўленьне да абвінавачаньня застаюцца невядомыя.
Пра падпалкоўніка Чарамных на ўмовах ананімнасьці Свабодзе расказаў былы вайсковец, які быў знаёмы зь ім падчас службы ў беларускім войску.
«Антон — адэкватны, культурны чалавек і афіцэр. З маральнымі і чалавечымі прынцыпамі. Магчыма, некаторыя афіцэры ўспрымалі яго як дастаткова мяккага, але тут хутчэй той момант, што ён ня быў хамам і дзяржымордам, як некаторыя», — расказала крыніца Свабоды.
Суразмоўца таксама згадаў водгукі пра Антона Чарамных, якія бачыў у мэдыя неўзабаве пасьля арышту падпалкоўніка.
«Памятаю як у СМІ пісалі пра яго, і відаць было, што выказваліся былыя ягоныя тэрміновікі (вайскоўцы тэрміновай службы. — РС). Там была не зусім пахвальная інфармацыя пра яго, але тут трэба разьмяжоўваць. Калі камандзір падтрымлівае дысцыпліну ў мужчынскім калектыве, які складаецца ня з хлопчыкаў-зайчыкаў, і калі афіцэр перавышае паўнамоцтвы. Дык вось адносна Антона: ён — гэта першы прыклад».
Паводле зьвестак іншага вайскоўца, зь якім у сакавіку 2023 году гаварыў карэспандэнт «Люстэрка», Антон Чарамных у 2020 годзе падпісваўся за альтэрнатыўнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта. А пасьля 2022 году не хаваў, што не падтрымлівае вайны, якую пачала Расея супраць Украіны.
«Прыняў вайну ва Ўкраіне вельмі блізка да сэрца», — сказаў пра падпалкоўніка Чарамных чалавек, зь якім размаўляла «Люстэрка». Суразмоўца Свабоды гэтых зьвестак не пацьвердзіў, але і не абверг.
«Наконт гэтага нічога не скажу. Тэарэтычна мог выказвацца адносна Ўкраіны. Але за такое наўрад ці саджаюць, інкрымінуючы здраду дзяржаве, нават лукашысты. Тым больш Антон у войску даўно. Ня думаю, што ён ня ведаў, што варта публічна казаць, а што не», — мяркуе знаёмы зьняволенага.
Суразмоўца Свабоды мае сваю вэрсію наконт таго, адкуль у сьледзтва магло зьявіцца абвінавачаньне ў здрадзе дзяржаве.
«Хутчэй за ўсё, там будзе які-небудзь чат-бот у Nexta, ці Motolko, ці „Гаюн“. Для вайскоўцаў гэта адназначна інкрымінуецца як супраца з замежнымі спэцслужбамі».
«Магчыма, унутры перажываюць, але не паказваюць»
Антон Чарамных — сын афіцэра Алега Чарамных, які ваяваў у Афганістане. Лёс бацькі паўплываў на выбар жыцьцёвага шляху. Антон скончыў беларускую Вайсковую акадэмію па спэцыяльнасьці «маральна-псыхалягічнае забесьпячэньне вайсковай дзейнасьці», служыў у 120-й асобнай мэханізаванай брыгадзе, якая дысьлякуецца ў Менску. Паводле былых таварышаў па службе, пасьля 2020 году ён меў думкі наконт звальненьня з войска, але вырашыў дачакацца заканчэньня кантракту. Між тым у сваёй частцы афіцэр быў на добрым рахунку, пра што сьведчыць рэпартаж, які ў сакавіку 2022 году зьявіўся ў газэце «Звязда». Вось як намесьнік камандзіра па ідэалягічнай працы Антон Чарамных апісваў мікраклімат у калектыве вайскоўцаў тэрміновай службы ў сувязі зь нядаўнімі падзеямі:
«Я б не сказаў, што міжнародная абстаноўка пэўным чынам на іх сказваецца. Магчыма, унутры яны перажываюць, але, ва ўсякім разе, не паказваюць гэтага. Такіх ваеннаслужачых, якія б панікавалі, дакладна няма. У гэтым кірунку трывала працуюць афіцэры, кожны на сваім узроўні расказвае аб ваенна-палітычнай абстаноўцы, тлумачыць дэталі», — расказваў Антон Чарамных празь месяц ад пачатку вайны ва Ўкраіне.
Як Антон Чарамных ставіцца да выстаўленага яму абвінавачаньня, невядома. Праваабарончы цэнтар «Вясна» ня ўнёс імя афіцэра ў сьпіс палітычных вязьняў.
Паводле зьменаў у 356 артыкул Крымінальнага кодэксу, якія былі ўнесеныя летась у сакавіку, здрада дзяржаве службовай асобай альбо вайскоўцам цяпер караецца ў тым ліку сьмерцю. Аднак праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што зьмена была ўнесеная ўжо пасьля арышту Антона Чарамных, таму сьмяротная кара на яго распаўсюджвацца ня можа.
У падпалкоўніка Чарамных на волі засталіся жонка і двое непаўналетніх дзяцей.
Самы вялікі тэрмін зьняволеньня сярод вайскоўцаў, якіх асудзілі за здраду дзяржаве, 18 гадоў калёніі, атрымаў капітан Генштабу Ўзброеных сіл Дзяніс Урад, які ў 2020 годзе выдаў зьвесткі пра падрыхтоўку вайсковых падразьдзелаў да разгону пратэстоўцаў.
Праваабаронцам вядома, што ў Беларусі з таго часу паводле 356 артыкула асудзілі сама меней 44 чалавекі, зь іх дваіх — завочна. Яшчэ мінімум дзесяць беларусаў утрымліваюць пад вартай у чаканьні суду ці пад судом. Адзначаецца, што ў пераважнай большасьці суды па 356-м артыкуле КК праходзяць у закрытым рэжыме.