Апошняя навіна з Палаты прадстаўнікоў: за «здраду дзяржаве» хочуць караць сьмерцю.
Сьцісла:
- Згадкамі пра абарону дзяржаўнай бясьпекі ўлады маскуюць барацьбу з палітычнымі апанэнтамі.
- У Беларусі здрадай дзяржаве лічыцца выступленьне супраць Лукашэнкі.
- Узмацняецца пакараньне за «прапаганду тэрарызму». Але паняцьце «тэрарызм» у Беларусі трактуецца вельмі шырока.
- Моцная траўма, атрыманая ў 2020 годзе, не дазваляе рэжыму спыніцца, агледзецца, супакоіцца.
Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла законапраект «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці». Здавалася б, гэта нейкія руцінныя зьмены Крымінальнага кодэксу, што робіцца пастаянна ў любой краіне.
Аднак у Беларусі апошнія два гады заканадаўчыя зьмены ў асноўным ідуць у адным кірунку. І калі ўлады абвяшчаюць пра нейкія навацыі ў заканадаўстве, то можна беспамылкова зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра ўзмацненьне барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.
Гэта якраз і адбываецца цяпер. Вельмі адметна, што ад імя выканаўчай улады законапраект у ніжняй палаце прадстаўляў намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сяргей Гладышаў.
Афіцыйна паведамляецца, што размова ідзе пра абарону дзяржаўнай бясьпекі. Але вядома, што ўлады так маскуюць барацьбу з палітычнымі апанэнтамі.
Дасюль сьмяротнае пакараньне ў «палітычных» справах не прымянялася. Цяпер, мяркуючы па ўсім, будзе. Паводле камэнтару прэс-службы Палаты прадстаўнікоў, праектам закону прадугледжваецца магчымасьць прымяненьня сьмяротнага пакараньня «за здраду дзяржаве, зьдзейсьненую службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца».
Здрада дзяржаве — цяжкае злачынства. Аднак праблема ў тым, што ў Беларусі здрадай дзяржаве лічыцца ледзь ня кожны выступ супраць Лукашэнкі. Паводле гэтага артыкулу асудзілі некалькі журналістаў. Таксама ён быў прыменены да людзей з пагонамі, якія ў крытычныя дні лета і восені 2020-га выступілі ў падтрымку народных пратэстаў. Яны атрымалі вялізныя турэмныя тэрміны. Цяпер у падобных выпадках такім асобам будзе пагражаць сьмяротнае пакараньне.
Узмацненьне адказнасьці за раскрыцьцё дзяржаўных сакрэтаў таксама скіравана супраць неляяльных дзяржаўных чыноўнікаў. І ўсё гэта ў дадатак да масавых «чыстак», якія прайшлі ва ўсіх дзяржаўных установах.
Таксама ўзмоцнена пакараньне за «прапаганду тэрарызму». Зноў жа, справа ў тым, што паняцьце «тэрарызм» у Беларусі трактуецца вельмі шырока. У прыватнасьці, апазыцыйная палітычная дзейнасьць прыраўноўваецца да тэрарызму. Нагадаю, што крымінальныя справы адносна Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі і іншых лідэраў апазыцыі заведзены паводле «тэрарыстычнага» артыкулу. У колькасьці тэрарыстаў на душу насельніцтва Беларусь — сярод сусьветных лідэраў.
Пашыраецца адказнасьць «за распаўсюджваньне заведама лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаваньні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь». Тут усё залежыць ад трактоўкі. Напрыклад, ці можна цяпер крытыкаваць дзейнасьць участковага міліцыянта? Ці можна сумнявацца ў высокай баяздольнасьці беларускага войска? Безумоўна, улады будуць інтэрпрэтаваць гэтую фармулёўку так, як захочуць.
Іншае пытаньне, якое ўзьнікала ўжо ня раз: навошта гэта патрэбна ўладам? Якая практычная карысьць ад гэтых навацый? Рэпрэсіўная машына і так працуе паводле сталінскіх тэхналёгіяў. Новыя, яшчэ больш жорсткія законы нічога дадаць ня могуць. Чаму Лукашэнка ніяк ня можа спыніцца ў сваёй палітыцы застрашваньня грамадзтва? Чаму ён па-ранейшаму адчувае пагрозу сваёй уладзе, хоць, здавалася б, ніякай небясьпекі не відаць?
Адказы на гэтае пытаньне варта шукаць у сфэры псыхалёгіі. Вельмі моцную траўму атрымаў ён у 2020 годзе. І яна не дазваляе спыніцца, агледзецца, супакоіцца. Яна баліць і штурхае на ўсё новыя захады дзеля вынішчэньня крамолы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.