На пасяджэньне не зьявіліся прадстаўнікі Вугорскага грамадзянскага саюзу (FIDES) — партыі, якую ўзначальвае прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан.
Прэс-служба FIDES паведаміла, што ў партыі гатовыя абмяркоўваць заяўку Швэцыі, калі яе прэмʼер-міністар Ульф Крыстэрсан спачатку сустрэнецца зь Віктарам Орбанам. «Калі гэта важнае пытаньне для швэдаў, то відавочна, прэмʼер-міністар Швэцыі прыедзе ў Будапэшт», — адказалі ў FIDES на запыт агенцтва Reuters.
Раней Крыстэрсан адхіліў запрашэньне Орбана, прапанаваўшы ўзамен абмеркаваць усе двухбаковыя пытаньні на сустрэчы ў Брусэлі.
Пазачарговае пасяджэньне адмыслова для абмеркаваньня заяўкі Швэцыі на далучэньне да NATO склікалі на ініцыятыву апазыцыйных партый, але прадстаўнікі FIDES байкатавалі яго. Цяпер гэтае пытаньне можа быць паднятае на адным з чарговых парлямэнцкіх пасяджэньняў: наступная сэсія пачнецца ў канцы лютага.
Прадстаўнікі апазыцыйных партый асудзілі паводзіны Вугорскага грамадзянскага саюзу. Дэпутатка ад Дэмакратычнай кааліцыі Агнеш Вадаі заявіла, што Орбан «хоча зрабіць прыемнае Пуціну, падрываючы адзінства NATO».
Швэцыя, якая працяглы час была нэўтральнай краінай, падала заяўку на ўступленьне ў NATO разам зь Фінляндыяй вясной 2022 году, неўзабаве пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Для ўступленьня краіны ў NATO патрабуецца згода ўсіх дзяржаў – сяброў Альянсу (да прыёму Фінляндыі іх было 30).
Працэс ратыфікацыі заяўкі Швэцыі зацягваўся з прычыны пазыцыі Вугоршчыны і Турэччыны. Турэччына ўхваліла заяўку ў студзені гэтага году. Такім чынам, Вугоршчына засталася адзінай краінай NATO, якая не дала згоды на далучэньне Швэцыі да Альянсу.
Урад Віктара Орбана і ён сам працягваюць і пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне падтрымліваць сувязі з Масквой, выступаюць супраць увядзеньня адносна Расеі санкцыяў і супраць падтрымкі Эўразьвязам Украіны.