Пасьля згоды Турэччыны Віктар Орбан таксама паабяцаў, што папросіць парлямэнт краіны прагаласаваць у падтрымку ўступленьня Швэцыі ў NATO «як мага хутчэй». Генсакратар Альянсу Енс Столтэнбэрг вітаў пазыцыю Орбана.
«Я пацьвердзіў, што вугорскі ўрад падтрымлівае сяброўства Швэцыі ў NATO. Я таксама падкрэсліў, што мы будзем і надалей пераконваць Дзяржаўны сход (парлямент — рэд.) як мага хутчэй прагаласаваць у падтрымку ўступленьня Швэцыі і завяршыць працэдуру ратыфікацыі пры першай магчымасьці», — напісаў Орбан у сацыяльнай сетцы X пасьля заканчэньня тэлефоннай размовы з генсакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам 24 студзеня.
Пасьля завяршэньня размовы Столтэнбэрг заявіў, што Орбан і ягоны ўрад недвухсэнсоўна падтрымліваюць уступленьне Швэцыі ў NATO.
«Я зь нецярпеньнем чакаю ратыфікацыі, як толькі парлямэнт зьбярэцца зноў», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні Столтэнбэрга ў сацсетцы X.
Віктар Орбан не ўдакладніў, калі можа адбыцца галасаваньне ў парлямэнце Вугоршчыны па гэтым пытаньні. Наступная сэсія пачнецца 27 лютага. Пакуль незразумела, ці можа вугорскі парлямэнт сабрацца да гэтага на пазачарговае паседжаньне.
23 студзеня ўступленьне Швэцыі ў NATO ўхваліў парлямэнт Турэччыны, пасьля чаго Вугоршчына стала адзінай краінай-сябрам альянсу, якой яшчэ трэба ратыфікаваць рашэньне па гэтым пытаньні.