Міністар замежных спраў Сяргей Алейнік у эфіры тэлеканала СТВ расказаў аб турыстычнай прывабнасьці афрыканскага кантынэнта для Беларусі, паведамляе БелТА.
«Гэта вельмі пэрспэктыўны кірунак, і з шэрагам афрыканскіх краін у нас нават падпісаны міжурадавыя пагадненьні аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, — сказаў Сяргей Алейнік. — Гэта тая сфэра, якую мы будзем разьвіваць і культываваць, прычым у абодвух кірунках».
Паводле Алейніка, зь міністрам замежных спраў Эгіпта абмяркоўвалася пытаньне аб павелічэньні колькасьці рэйсаў, каб большая колькасьць грамадзян абедзьвюх краін маглі падарожнічаць.
Алейнік падкрэсьліў, што Афрыка дынамічна разьвіваецца і ёсьць шмат цікавых месцаў для наведваньня.
«Я думаю, што з многімі афрыканскімі краінамі ў нас вельмі добрыя пэрспэктывы менавіта ў разьвіцьці сфэры турызму», — сказаў міністар.
На гэтым тыдні Сяргей Алейнік наведаў Уганду, дзе браў удзел у саміце Руху недалучэньня. Як паведамляюць праўладныя СМІ, там міністар сустрэўся з прадстаўнікамі Эрытрэі, Мазамбіку, Экватарыяльнай Гвінэі, Зымбабвэ.
Што такое Рух недалучэньня
- Рух недалучэньня ўтварылі ў 1961 годзе для адстойваньня інтарэсаў краін, якія сталі на шлях разьвіцьця, ва ўмовах канфрантацыі халоднай вайны. На сёньняшні дзень ён налічвае 120 краін-сяброў, або 60% колькаснага складу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статус назіральніка ў Руху недалучэньня маюць 18 дзяржаў і 10 арганізацый.
- Беларусь — сябра Руху недалучэньня з 1998 году, пры гэтым з 1993-га ўваходзіць у вайскова-палітычны блёк АДКБ і так званую «саюзную дзяржаву» з Расеяй.
- Да моманту ўступленьня ў Рух недалучэньня, галоўны прынцып якога — недалучэньне да вайсковых блёкаў, Беларусь ужо пяць гадоў была чальцом АДКБ і мела на сваёй тэрыторыі вайсковыя аб’екты з расейскім камандаваньнем: занальны вузел сувязі ВМФ каля Вілейкі і радыётэхнічны вузел недалёка ад Баранавічаў, якія функцыянуюць на падставе міжурадавых пагадненьняў паміж РФ і Беларусьсю, падпісаных у 1995 годзе.