У прыватнасьці, у Мюнхэне колькасьць жадаючых паўдзельнічаць у дэманстрацыі была настолькі значнай, што арганізатары былі вымушаны адмяніць марш зь меркаваньняў бясьпекі. Па словах арганізатараў, на дэманстрацыю прыйшлі сама меней 50 тысяч чалавек, што ўдвая больш, чым было зарэгістравана.
Многія, хто прыйшоў на акцыю ў Мюнхэне, несьлі плякаты і банэры, у якіх AfD параўноўвалі з нацыстамі і адпрэчвалі іх антымігранцкую рыторыку. Сярод надпісаў былі лёзунгі «AfD — кашмар для Нямеччыны», «Нацысты прэч».
У апошні тыдзень нямецкія гарады ахапілі масавыя пратэсты супраць ультраправых. Мітынгі пачаліся праз некалькі дзён пасьля выхаду журналісцкага расьсьледаваньня, у якім гаварылася аб сустрэчы правых экстрэмістаў і палітыкаў з ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD), на якой абмяркоўвалі пляны дэпартацыі мільёнаў мігрантаў зь Нямеччыны.
20 студзеня сама меней 300 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы ў гарадах краіны, каб выказаць свой пратэст супраць ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) і падтрымаць дэмакратыю.