Суд Івацэвіцкага раёна 15 студзеня пастанавіў замяніць палітвязьню Рыгору Кастусёву, асуджанаму да 10 гадоў калёніі, рэжым утрыманьня на турэмны. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Сяргей Кухацкаволец па выніках пасяджэньня па відэасувязі. У зьняволеньні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалягічнае захворваньне. З гэтай нагоды юрысты «Вясны» адправілі запыт спэцдакладчыкам ААН.
Праваабаронцы канстатуюць, што за час утрыманьня пад вартай стан здароўя Кастусёва сур’ёзна пагоршыўся. Доступ да інфармацыі пра яго здароўе і лячэньне строга абмежаваны. Прызначаныя ўмовы адбыцьця крымінальнага пакараньня ня ўлічваюць цяжкага стану яго здароўя, не дазваляюць яму прайсьці якаснае лячэньне і ставяць пад пагрозу яго жыцьцё.
З гэтай нагоды юрысты «Вясны» зьвярнуліся да спэцыяльных дакладчыкаў ААН аб Беларусі і аб здароўі, каб тыя патрабавалі ва ўладаў Беларусі інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня і стан здароўя Рыгора Кастусёва, а таксама лячэньне, якое яму робіцца. Акрамя гэтага, юрысты заклікалі спэцдакладчыкаў накіраваць тэрміновы заклік да ўладаў з просьбай забясьпечыць Кастусёву належнае лячэньне.
Экс-старшыні Партыі БНФ зьмянілі рэжым утрыманьня
Пра перавод Рыгора Кастусёва на турэмны рэжым у сваім фэйсбуку напісаў зяць палітыка Зьміцер Антончык, які зь сям’ёй жыве ў Польшчы.
«Паседжаньне праходзіла па відэасувязі. Калі і куды пераводзяць, пакуль не вядома», — напісаў Антончык.
Якое лячэньне аказваюць яму ў ПКТ калёніі, вядомай як «Ваўчыныя норы», невядома.
У студзені споўнілася 1000 дзён, як Кастусёва зьняволілі ўлады.
- Кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, былога старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў 2022 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў змове з мэтай захопу ўлады.
- 17 красавіка Рыгору Кастусёву споўніцца 67 гадоў.
- Пакараньне палітык адбывае ў калёніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі.
- У лістападзе 2023 году Рыгора Кастусёва як «парушальніка рэжыму» зьмясьцілі на паўгода ў памяшканьне камэрнага тыпу з больш жорсткімі, чым у атрадзе калёніі, умовамі ўтрыманьня.