Палітвязень, былы старшыня БНФ Рыгор Кастусёў другі месяц знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу, таму пазбаўлены тэлефанаваньняў родным. Але напярэдадні Новага году ад яго прыйшоў ліст зь вершамі і віншаваньнямі. Пра зьмест ліста Свабодзе расказаў зяць палітыка Зьміцер Антончык, які зь сям’ёй жыве ў Польшчы.
«Спадар Рыгор прыслаў цэлую паэму. Там 40 слупкоў па 4 радкі, прысьвечаныя ягоным найлепшым сябрам. З навагоднімі віншаваньнямі. Напісаў, што гэта яшчэ палова», – падзяліўся сваяк Кастусёва.
Падчас зьняволеньня ў Кастусёва выявілі анкалягічнае захворваньне, улетку яму рабілі чарговае дасьледаваньне, але выніку так і не паведамілі. Паводле Зьмітра Антончыка, ягоны цесьць неахвотна закранае ў лістах тэму лячэньня.
«Напісаў толькі, што абяцаюць зрабіць аналіз крыві, але калі гэта будзе, не паведаміў. Пра самаадчуваньне піша, што нармальнае, на ўмовы ня скардзіцца. Тон ліста, як заўсёды, бадзёры», – расказаў суразмоўца.
- Кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году, былога старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў 2022 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў змове з мэтай захопу ўлады.
- Праз тры месяцы Рыгору Кастусёву споўніцца 67 гадоў.
- Пакараньне палітык адбывае ў калёніі «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі.
- У лістападзе мінулага году Рыгора Кастусёва як парушальніка рэжыму зьмясьцілі на паўгода ў памяшканьне камэрнага тыпу з больш жорсткімі, чым у атрадзе калёніі, умовамі ўтрыманьня.