Група ў складзе журналіста Дзьмітра Еўчына і апэратара Мікіты Ісайка здымала тэлесюжэт на перадавой у раёне Рабаціна Запароскай вобласьці. У выніку мінамётнага абстрэлу Еўчын атрымаў асколачнае раненьне ў нагу. Украінскія вайскоўцы разам з апэратарам аказалі яму першую дапамогу і эвакуавалі на стабілізацыйны пункт у суседняе сяло, а потым перавезьлі ў шпіталь у Запарожжы.
Па словах лекараў, апэрацыя прайшла пасьпяхова, Дзьмітро Еўчын пакуль застанецца ў рэанімацыі.
Дзмітро Еўчын з 2018 году працуе ў праекце «Крым.Реалии», быў вядоўцам тэлепраграм і аўтарам рэзанансных сюжэтаў пра жыцьцё ў акупаваным Расеяй Крыме. З пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе асьвятляе баявыя дзеяньні, працуе на перадавой. Разам з апэратарам Мікітам Ісайкам рабіў рэпартажы зь перадавой на паўднёвым напрамку ўкраінска-расейскага фронту.
Паводле ўкраінскага Інстытуту масавай інфармацыі, зь лютага 2022 году ў выніку расейскай агрэсіі загінулі 70 журналістаў, зь іх 10 — падчас прафэсійнай журналісцкай дзейнасьці, 25 журналістаў атрымалі раненьні.