Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падляскае ваяводзтва выдзеліць звыш 340 тысячаў эўра на стварэньне ў Беластоку Цэнтру беларускай культуры


Беларуская школа ў Беластоку.
Беларуская школа ў Беластоку.

Адкрыцьцё Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку, легалізацыя бізнэсу і вырашэньне праблем беларускай дыяспары ў Польшчы абмеркаваў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка на сустрэчы з кіраўніком (маршалкам) Падляскага ваяводзтва Артурам Касіцкім.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Як напісаў Латушка ў сваім тэлеграм-канале, падчас перамоваў была адзначаная «значнасьць рашэньня аб адкрыцьці Цэнтру беларускай культуры», што «будзе спрыяць яе далейшаму разьвіцьцю» ў гэтым польскім рэгіёне, дзе «гістарычна пражывае найбуйнейшая група этнічных беларусаў».

Касіцкі адзначыў, што зь бюджэту ваяводзтва сёлета плянуецца вылучыць звыш 340 тысячаў эўра на дзейнасьць культурнага цэнтру.

Паводле слоў Латушкі, ужо створаная юрыдычная асоба культурнага цэнтру і адкрыты разьліковы рахунак.

У Падляскім ваяводзтве, дадаў палітык, працуе 731 кампанія зь беларускім удзелам, «па дадзеным парамэтры ваяводзтва займае другое месца ў Польшчы».

«Падчас сустрэчы таксама былі абмеркаваныя пытаньні выкарыстаньня сродкаў Эўразьвязу, якія раней вылучаліся на трансьмежнае супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. У сувязі з дзеяньнямі рэжыму Лукашэнкі гэтая фінансавая падтрымка была спыненая, — падкрэсьліў кіраўнік „НАУ“. — Ваяводзтва зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію з прапановай зьмяніць заканадаўства, каб сродкі маглі быць выкарыстаныя на патрэбы рэгіёну і арыентаваныя на беларускую этнічную меншасьць і дыяспару, якая пражывае тут, а таксама на падтрымку культурных, эканамічных, сацыяльных, грамадзкіх і іншых праектаў».

Таксама на перамовах узьнімаліся пытаньні «адукацыі на беларускай мове і стыпэндыяў выбітным дзеячам беларускай культуры, якія маглі б быць прафінансаваныя са сродкаў рэгіянальнага бюджэту». «Была атрыманая папярэдняя згода маршалка ваяводзтва вылучыць такія сродкі ў сувязі з тым, што беларускія дзеячы культуры зазнаюць рэпрэсіі», рэзюмаваў Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG