Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заявіў, што цяжкасьці з выдачай візаў для беларусаў у Польшчы будуць вырашаныя ў бліжэйшы час


Павал Латушка. Архіўнае фота
Павал Латушка. Архіўнае фота

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Павал Латушка расказаў, што цяжкасьці з выдаваньнем польскіх візаў для беларусаў зьвязаныя зь перастаноўкамі ў польскім урадзе, і яны вырашацца ў хуткай будучыні.

Латушка расказаў, што падчас сустрэчы з новым міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім ён узьняў пытаньне візаў:

«Цяжкасьці маюць часовы характар, і яны зьвязаныя з тым, што ў новым польскім урадзе, і ў тым ліку ў консульскім дэпартамэнце МЗС Польшчы, адбываюцца перастаноўкі. Гледзячы мне ў вочы, міністар Сікорскі сказаў, што як толькі будзе прызначанае новае кіраўніцтва дэпартамэнту, мы адразу ж правядзем сустрэчу і будзем вырашаць гэтыя праблемы», — цытуе Паўла Латушку Reform.by.

Ён падкрэсьліў, што гэтую тэму ў Абʼяднаным пераходным кабінэце ўспрымаюць «вельмі сурʼёзна і працуюць над яе вырашэньнем».

«Акрамя таго, учора я размаўляў зь дзяржсакратаром і першым намесьнікам міністра замежных спраў Уладзіславам Барташэўскім і спытаў, хто з намесьнікаў міністра курыруе консульскую службу. Ён адказаў, што на сёньняшні дзень гэтага намесьніка няма. Пакуль прызначаныя толькі два, і чакаецца прызначэньне яшчэ чатырох ці пяці намесьнікаў міністра замежных спраў, і адсутнічае функцыянал для вырашэньня гэтых праблемаў.

Як толькі гэтыя прызначэньні адбудуцца, мы правядзём кансультацыі, каб паскорыць прыняцьце неабходных рашэньняў», — сказаў Павал Латушка на сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў АПК зь беларускай дыяспарай у Цэнтры беларускай салідарнасьці ў Варшаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG