Увечары 10 студзеня ў сталіцы Порт-Морсбі загінулі людзі пасьля таго, як група салдатаў, паліцыянтаў і турэмных ахоўнікаў пачала пратэсты супраць ураду. Разьюшаны натоўп падпальваў будынкі і граміў крамы падчас ночы беспарадкаў, якія неўзабаве пашырыліся на 300 кілямэтраў на поўнач да гораду Лаэ.
Камісар паліцыі Дэвід Мэнінг пацьвердзіў AFP, што сама меней 15 чалавек загінулі.
Прэм’ер-міністар Джэймс Марапэ папрасіў прабачэньня перад краінай, заявіўшы, што «ўспышкі» беззаконьня ня будуць прапушчаныя.
Марапэ сказаў, што найгоршыя беспарадкі сьціхлі да раніцы чацьвярга, але прызнаў, што «ўсё яшчэ напружана» ў некаторых частках Порт-Морсбі.
Кадры AFPTV паказалі, як марадэры ў сталіцы ўрываюцца ў крамы праз разьбітыя вітрыны, запіхваючы скрадзеныя рэчы ў кардонныя скрынкі, гандлёвыя вазкі і плястыкавыя вёдры. На вуліцах падпаленыя будынкі і аўтамабілі, ад чаго ўзьніклі густыя слупы чорнага дыму, які вісеў над найбольш пацярпелымі часткамі гораду.
Раней натоўп сабраўся каля сядзібы прэм’ер-міністра ў Порт-Морсбі, зламаўшы вароты і падпаліўшы прыпаркаваны паліцэйскі аўтамабіль.
Пэкін паскардзіўся ўраду Папуа-Новай Гвінэі пасьля паведамленьняў аб тым, што ўдзельнікі беспарадкаў нацэліліся на прадпрыемствы, якія належаць Кітаю.
Сілы бясьпекі дзяржавы зладзілі акцыю пратэсту ў парлямэнце Папуа-Новай Гвінэі пасьля таго, як заўважылі, што іх заробак быў зьніжаны без тлумачэньня прычын.
Урад заявіў пра «збой» у налічэньні заработнай платы, хутка паабяцаў выправіць становішча, але гэтага было недастаткова, каб перашкодзіць у тым ліку незадаволеным цывільным далучыцца да сутычак.
Усплёск гвалту падкрэсьлівае часта нестабільны характар жыцьця ў Папуа-Новай Гвінэі, краіне, якая пакутуе ад беднасьці і высокага ўзроўню злачыннасьці.
Краіна, разьмешчаная менш як за 200 км ад самай паўночнай мяжы Аўстраліі, зьяўляецца самай буйной і густанаселенай дзяржавай Мэлянэзіі. Нягледзячы на тое, што краіна багатая радовішчамі газу, золата і карысных выкапняў, праваабарончыя групы мяркуюць, што амаль 40% з 9 мільёнаў яе грамадзян усё яшчэ жывуць за рысай беднасьці.