Папярэднія рэфэрэндумы ладзіліся ў 2018 і 2020 гадах. На першым супраць незалежнасьці выказаліся 57%, на другім — 53%. На трэцім жа адразу 96,49%, што выклікана байкотам з боку канакаў, карэннага насельніцтва Новай Каледоніі, піша France24.com.
У верасьні на востраве рэзка вырасла колькасьць заражаных COVID-19, аднак Парыж адмовіўся пераносіць рэфэрэндум, і тады канакі заявілі пра байкот галасаваньня. Рашэньне Францыі правесьці рэфэрэндум, нягледзячы на пандэмію, выклікала асуджэньне з боку іншых тэрыторый у Ціхім акіяне. У самой Новай Каледоніі на рэфэрэндум прыйшлі ўсяго 43,90% жыхароў.
Новая Каледонія месьціцца ў Акіяніі, уваходзіць у склад групы астравоў Палінэзіі. У склад заморскіх тэрыторый Францыі ўваходзіць з 1853 году. На востраве жывуць каля 270 тысяч чалавек, зь іх 39% — аўтахтоннае насельніцтва, канакі. 27% — перасяленцы з Эўропы, астатнія — прадстаўнікі шматлікіх іншых народаў Палінэзіі і каледонцы, як яшчэ называюць дзяцей ад зьмяшаных шлюбаў канакаў зь іншымі народамі.
На востраве каля 10% сусьветных запасаў нікелю, які выкарыстоўваецца для вытворчасьці мабільных тэлефонаў, сталі і батарэй.
У 80-х гадах на востраве пачаўся канфлікт канакаў з эўрапейцамі, які скончыўся падпісаньнем міру ў 1998 годзе, згодна зь якім Новая Каледонія магла правесьці тры рэфэрэндумы за незалежнасьць.
У Францыі асьцерагаліся, што ў выпадку перамогі незалежніцкага праекту шэрагу францускіх кампаній давядзецца згарнуць альбо скараціць бізнэс — на пашырэньне сваёй магутнасьці ў Новай Каледоніі прэтэндаваў бы Кітай. Экспэрт у міжнародных стасунках Францыі Баст’ен Вандэндык сказаў, што тады Новая Каледонія магла б паўтарыць лёс Вануату, Фіджы, Саламонавых астравоў і Папуа-Новай Гвінэі, якія, паводле яго, ужо сталі «сатэлітамі Кітаю».
Аднак у выніку ўсе тры рэфэрэндумы скончыліся з большасьцю галасоў за працяг уваходжаньня ў склад францускіх заморскіх тэрыторый. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што яго дзяржава мацнейшая і прыгажэйшая, маючы ў складзе сваіх тэрыторый Новую Каледонію.