Мужчыну на суд прывезьлі, жанчыну — не, піша «Вясна».
Судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Сяргея Гурава пакінула апэляцыйныя скаргі без задавальненьня, а прысуд Менскага абласнога суду — у сіле. Аляксандра Таратуту чакае расстрэл, ягоную жонку Анастасію — 25 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Прысуд набыў сілу.
Паводле матэрыялаў справы, якую першапачаткова разглядаў Менскі абласны суд, 14 студзеня 2023 году Анастасія і Аляксандар Таратуты да сьмерці пабілі свайго трохгадовага сына Сямёна. Непасрэдна перад сьмерцю хлопчыку нанесьлі 9 удараў, 7 зь іх па галаве. У выніку дзіцяці была нанесеная закрытая чэрапна-мазгавая траўма, якая стала прычынай кровазьліцьця пад мазгавыя абалонкі, ускладненага ацёкам галаўнога і сьпіннога мозгу.
Падчас судовага працэсу праваабаронцы паведамлялі пра катаваньні і ціск на абвінавачаных. Паводле іхнай інфармацыі, падчас аднаго з судовых пасяджэньняў стала вядома, што абвінавачаныя падавалі заяву на ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі за ўжываньне да іх фізычнага гвалту і ціску. У завядзеньні крымінальнай справы адмовілі. Да матэрыялаў справы далучылі пастанову аб адмове.
Як расказала праваабаронцам «Вясны» былая сукамэрніца Анастасіі Таратуты, пасьля затрыманьня ў слуцкім аддзеле Сьледчага камітэту яе білі аголеным электрапровадам з патрабаваньнем даць прызнальныя паказаньні.
Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе сьмяротнае пакараньне. За гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш як 300 сьмяротных прысудаў. Нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, такі від прысуду дагэтуль распаўсюджаны.
У 1971 годзе рэзалюцыя ААН стала першым крокам да ўсеагульнай адмены сьмяротнага пакараньня. На сёньня агульная колькасьць дзяржаваў, якія адмянілі сьмяротнае пакараньне заканадаўча ці не прымяняюць яго на практыцы, складае 140 з 192.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).