Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Год будзе цяжкім». Рэпартаж Свабоды з пасяджэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў Варшаве


Прадстаўнікі Аб'ядананага Пераходнага Кабінэту: зьлева направа Валер Кавалеўскі, Вольга Гарбунова, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Павал Латушка. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 году
Прадстаўнікі Аб'ядананага Пераходнага Кабінэту: зьлева направа Валер Кавалеўскі, Вольга Гарбунова, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Павал Латушка. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 году

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту 8 студзеня правялі першую сустрэчу ў 2024 годзе.

Прайшло больш за тры гады ад часу самых вялікіх пратэстаў у гісторыі незалежнай Беларусі. І тры гады таму Павал Латушка пасьля звальненьня з пасады выйшаў з будынку Купалаўскага тэатру, кіраўніком якога ён быў. Пад воплескі супрацоўнікаў тэатру і проста мінакоў ён выказаў падтрымку пратэстоўцам і выступіў за сумленныя выбары.

У размове з Свабодай у Варшаве 8 студзеня 2024 году, перад паседжаньнем Пераходнага кабінэту, Павал Латушка расказаў, што часам вяртаецца думкамі ў той дзень і лічыць свой тагачасны крок выключна правільным.

«Пасьлявыбарчыя дні былі лёсавызначальныя, у тым ліку для мяне асабіста, для Беларусі, для Бацькаўшчыны. Я ніколі не шкадую пра тое, што адбылося. У мяне няма ніякага сумневу: мы, усе тыя, хто пайшоў супраць гэтай сыстэмы ў згодзе з сумленьнем, ня здрадзілі сваёй Радзіме, беларусам, якіх катавалі і працягваюць катаваць», — зазначыў Латушка.

На пытаньне, ці быў у яго момант роспачы ад усьведамленьня, што надышоў чарговы год у эміграцыі, завочна пакараны судом у Беларусі да 18 гадоў зьняволеньня палітык адказаў:

«Нядаўна сапраўды першы раз адчуў такое. Нягледзячы на тое, што я як дыплямат працаваў за мяжой больш за 16 гадоў, — але ж я ўсё роўна тады мог вяртацца на Радзіму. Зараз ёсьць гэты цяжар, ня буду хаваць. Але гэта адначасова матывацыя, каб скінуць яго з плеч. Трэба весьці барацьбу, каб вярнуцца дамоў і зьмяніць гэтую сыстэму».

Завочны прысуд — 15 гадоў калёніі — раней вынесьлі і дэмакратычнай лідэрцы Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай, якая ў 2020 годзе пасьля зьняволеньня свайго мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага стала галоўнай суперніцай Лукашэнкі на выбарах прэзыдэнта і пасьля іх.

Рэжым ня раз заяўляў пра нязначнасьць Ціханоўскай як палітычнай фігуры, але ён усё ж працягвае змагацца з галоўнай прадстаўніцай апазыцыі.

Так, на мінулым тыдні ўлады абмежавалі карыстальнікам у Беларусі доступ да Youtube менавіта ў той час, калі Ціханоўская выступала з навагоднім віншаваньнем.

Сёньня Сьвятлана Ціханоўская сказала Свабодзе пра сваё суперніцтва з Лукашэнкам:

«Я адна зь людзей, якія хочуць вярнуцца на Радзіму, вызваліць палітвязьняў і будаваць нармальную дэмакратычную дзяржаву. Так здарылася, што я стала тварам нашага паўстаньня. Але я ніколі ня ставілася да сябе як да выключнага чалавека. Я змагла стаць тою, кім я ёсьць, толькі дзякуючы падтрымцы мільёнаў беларусаў — я адчувала вочы, галасы побач. Я ўвасабляю ўсіх гэтых людзей. Ня будзе іх, ня будзе і мяне [...] Вядома, я зьяўляюся ворагам Лукашэнкі, як зьяўляецца яго ворагам кожны, хто ня хоча перамен у нашай краіне. Таму — дакуль мы будзем разам, мы будзем той сілай, якая будзе пагражаць рэжыму».

«Выстаялі летась, выстаім і сёлета»

Сваю прамову на сёньняшняй сустрэчы Пераходнага кабінэту ягоная кіраўніца Сьвятлана Ціханоўская пачала словамі: «Год будзе цяжкім, такім, якім быў 2023-і».

«Але, нягледзячы ні на што, мы выстаялі. Выстаім і сёлета», — сказала палітык і адзначыла: «Галоўнае — захоўваць аптымізм, веру і адзінства».

«Верыць у нашыя сілы, у перамогу над дыктатурай», — заявіла Ціханоўская.

Пасьля яе выступу кожны з прадстаўнікоў Кабінэту агучыў свае пляны на наступны год, абмеркаваныя перад гэтым на супольным пасяджэньні.

Вызваленьне палітвязьняў, праект пашпарту Новай Беларусі, узмацненьне санкцыйнай палітыкі супраць рэжыму Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў, умацаваньне нацыяльнай ідэнтычнасьці — асноўныя кірункі, на якіх плянуюць сканцэнтраваць працу прадстаўнікі апазыцыі.

Таксама, як падкрэсьліла Ціханоўская, яны будуць дабівацца непрызнаньня «недавыбараў у беларускі парлямэнт».

«Сёлета мы плянуем па прыкладзе онлайн-маратону салідарнасьці правесьці міжнародны онлайн-маратон», — расказала Вольга Гарбунова, прадстаўніца Кабінэту ў сацыяльнай палітыцы.

Паводле яе, працягне працу служба «Адно акно», у якую прыходзіць «вельмі шмат зваротаў». Асноўныя праблемы людзей — стан пасьля вымушанай эвакуацыі ад перасьледу на Радзіме, пытаньне атрыманьня пэнсіяў за мяжой, фінансавая падтрымка ахвяраў рэжыму.

Намесьнік Ціханоўскай, прадстаўнік у замежных справах Кабінэту Валер Кавалеўскі сярод сваіх мэтаў назваў:

  • Распрацоўку стратэгіі для вызваленьня Беларусі.
  • Эўрапейскі выбар Беларусі, які мусяць падтрымаць ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя краіны.
  • Працяг будаваньня адносін з партнэрамі (усе прысутныя на прэс-брыфінгу прадстаўнікі Кабінэту падкрэсьлілі важнасьць дачыненьняў з Польшчай і шчыльнай супрацы з яе новым урадам. — РС).
  • Міграцыйная праграма — легалізацыя беларусаў за мяжой, распрацоўка праекту пашпарту (зараз вядзецца праца над стварэньнем пашпартнага цэнтру).
  • Нарошчваньне дапамогі дэмакратычнаму руху Беларусі.

Павал Латушка, прадстаўнік у транзыце ўлады, найбольшую увагу ў сваім выступе надаў працы дзеля прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці за ўчыненыя ім злачынствы.

Паводле Аліны Коўшык, прадстаўніцы ў нацыянальным адраджэньні, яе каманда будзе імкнуцца стварыць, сярод іншага, беларускі ўнівэрсытэт з навукова-дасьледчым профілем.

«Таксама неўзабаве мы абвесьцім аб стварэньні Інстытуту беларускай мовы. Вядуцца перамовы з Варшаўскім унівэрсытэтам аб стварэньні эўрапейскага цэнтру беларускіх дасьледаваньняў...», — зазначыла Коўшык.

«Нельга перакладваць гэтую адказнасьць адзін на аднаго»

Пасьля абазначэньня кірункаў працы цягам году прадстаўнікі Кабінэту адказалі на пытаньні беларусаў, а пазьней сустрэліся зь беларускай культурнай супольнасьцю Варшавы.

Сярод іншага гучалі пытаньні аб будучыні краіны, стратэгіі далейшага змаганьня з рэжымам, дапамозе ў легалізацыі за мяжой, фінансавай падтрымцы палітвязьняў і тых, хто нядаўна выйшаў з-за кратаў.

На пытаньне, дзе гучала расчараваньне ў працы Кабінэту, Ціханоўская адказала:

«...Нам [беларусам] нельга гаварыць, што ўсе змаганьні былі дарэмныя. Уладам за тры гады не ўдалося закласьці грамадзянам у галаву, што ў краіне ўсё нармальна. Усё, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку пытаньне яе вызваленьня, — на адказнасьці беларусаў. Нельга перакладваць гэтую адказнасьць адзін на аднаго. Перш за ўсё трэба глядзець на сябе: што вы зрабілі для набліжэньня пераменаў».

  • 8 студзеня прадстаўнікі Кабінэту сустрэліся з кіраўніком МЗС Польшчы, міністрам эўрапейскіх справаў, міністрам вышэйшай адукацыі і навукі, а таксама мэрам Варшавы. Абмяркоўвалі, у прыватнасьці, падтрымку беларускіх арганізацыяў, незалежных мэдыя, стажы для беларусаў, санкцыйная палітыка супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • 9-10 студзеня адбудуцца сустрэчы ў МУС Польшчы, на якіх будуць абмяркоўвацца пытаньні легалізацыі беларусаў. Таксама пройдуць сустрэчы ў міністэрстве народнай адукацыі, міністэрстве спорту і турызму. Заплянаваныя сустрэчы з маршалкамі Сэнату і Сэйму. Таксама прорйдзе сьвяточны прыём для беларусаў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай у прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG