Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Ціханоўскай: жорсткі, але завочны. Лукашэнка пралічыўся двойчы


Сьвятлана Ціханоўская і Аляксандар Лукашэнка, каляж
Сьвятлана Ціханоўская і Аляксандар Лукашэнка, каляж

6 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе завочна вынесьлі прысуды фігурантам «справы Каардынацыйнай рады». Сьвятлану Ціханоўскую пакаралі 15 гадамі зьняволеньня, Паўла Латушку — 18 гадамі, астатнія фігуранты атрымалі па 12 гадоў пазбаўленьня волі. У чым адметнасьць гэтых прысудаў?

Сьцісла:

  • Вынесеныя Ціханоўскай і ейным паплечнікам пакараньні надзвычай жорсткія нават для беларускай Тэміды.
  • Падаецца, адносна Сьвятланы Ціханоўскай Лукашэнка пралічыўся двойчы. Першы раз — калі яе зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • Другі пралік здарыўся, калі Лукашэнка выштурхаў Сьвятлану Ціханоўскую за мяжу.
  • Дарэчы, Павал Латушка атрымаў большы тэрмін, чым Ціханоўская, бо Лукашэнка не даруе тым людзям, якія працавалі ў дзяржапараце, а потым сталі ягонымі апанэнтамі.

Жорсткія прысуды

У Беларусі працягваецца сэрыя гучных судовых працэсаў над праціўнікамі Лукашэнкі. Не пасьпела сусьветная супольнасьць адрэагаваць і прааналізаваць прысуд Нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму (10 гадоў калёніі) і ягоным паплечнікам з праваабарончага цэнтру «Вясна», як зьявіўся новы судовы вырак.

6 сакавіка ў Менскім гарадзкім судзе завочна вынесьлі прысуды фігурантам «справы Каардынацыйнай рады». Сьвятлану Ціханоўскую пакаралі 15 гадамі зьняволеньня, Паўла Латушку — 18 гадамі, астатнія фігуранты атрымалі па 12 гадоў пазбаўленьня волі.

На чарзе прысуд палітолягам Валерыі Касьцюговай і Тацяне Кузінай: пракурор патрабуе для іх па 10 гадоў зьняволеньня.

Пакараньні надзвычай жорсткія нават для беларускай, прабачце за выраз, Тэміды. Ніякіх паслабленьняў ні для кога. Цьвікі забіваюцца па самую плешку.

Два пралікі Лукашэнкі

Але вернемся да сёньняшняга прысуду. Падаецца, адносна Сьвятланы Ціханоўскай Лукашэнка пралічыўся двойчы. Першы раз — калі яе зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Кіруючыся ўпэўненасьцю, што гэта вельмі слабы праціўнік, бо хто ж будзе галасаваць за хатнюю гаспадыню як альтэрнатыву палітычнаму мастадонту Лукашэнку. Цяпер відавочна, што гэта быў стратэгічны пралік рэжыму. Калі б яе не зарэгістравалі, то большасьць праціўнікаў Лукашэнкі проста байкатавалі б выбары. А з байкоту ня вырас бы масавы пратэст. Пасьля 9 жніўня 2020 году народ выйшаў на вуліцы абараняць перамогу Ціханоўскай, то бок сваю перамогу, якой не магло б быць у выпадку байкоту.

Другі пралік здарыўся, калі Лукашэнка выштурхаў Сьвятлану Ціханоўскую за мяжу. У першыя дні пасьля выбараў, калі абурэньне грамадзтва было надзвычай моцнае, ён не наважыўся пасадзіць яе за краты. Бо асьцерагаўся такім чынам падліць алею ў агонь пратэсту. Дый нават фармальна, зь юрыдычнага гледзішча, да яе не было за што прычапіцца. У той момант яе гвалтоўны вываз у Літву здаваўся яму аптымальным варыянтам.

Аднак у яго не хапіла здаровага сэнсу пралічыць, што можа здарыцца далей. А здарылася тое, што Сьвятлана перанесла палітычную альтэрнатыву за мяжу. І гэтую альтэрнатыву прызнае вялікая частка беларускага грамадзтва, а таксама заходнія краіны. Статус прэзыдэнта-электа на тле непрызнаньня Лукашэнкі прэзыдэнтам з боку Захаду стварыў непрыемную сытуацыю для афіцыйнага Менску. Ціханоўскую прымаюць ва ўсіх краінах Эўропы на высокім узроўні. І якраз у момант вынясеньня ёй суровага судовага выраку яна знаходзіцца ў Вялікай Брытаніі, праводзіць шэраг знакавых сустрэч. На працягу ўжо двух з паловай гадоў яна ўтрымлівае беларускае пытаньне ў міжнародным парадку дня.

Страхі Лукашэнкі

Вонкава здаецца: няма ніякіх перадумоваў, каб прэзыдэнт-элект стаў рэальным прэзыдэнтам. Тым ня менш усьведамляць, што існуе рэальная асоба (няхай і за межамі Беларусі), якая прэтэндуе на ягоную пасаду, вельмі непрыемна для Лукашэнкі. Не выпадкова ён рэгулярна, з розных нагодаў і без нагоды, узгадвае «зьбеглых», шле на іх адрас праклёны, усяляк ім пагражае.

Ягоная страхі цалкам зразумелыя. Бо палітычны лёс бывае вельмі пакручасты. Невыпадкова ў сярэднія вякі манархі вышуквалі нават за мяжой рэальных ці ўяўных нашчадкаў трону і ці то забівалі іх, ці то трымалі ў вязьніцы пад жалезнай маскай. Але ўсё роўна зьяўляліся Ілжэдзьмітрыі, якія абвяшчалі сябе царамі, што выклікала вялікія забурэньні ў дзяржаве.

Мяркую, цяпер Лукашэнка шкадуе, што выштурхаў Сьвятлану Ціханоўскую за мяжу, а не пасадзіў яе за краты. Вось жа сядзіць Віктар Бабарыка — рэальны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, — і не стварае ніякай небясьпекі рэжыму. Калі б тады, у гарачыя дні жніўня 2020-га, Лукашэнка лепш пралічыў, хоць бы на два хады наперад, то ня выпусьціў бы Сьвятлану за мяжу. А цяпер мусіць кусаць локці да ладзіць завочны суд.

Усё хістка, ненадзейна

Дарэчы, Павал Латушка атрымаў большы, чым Ціханоўская, тэрмін таму, што Лукашэнка не даруе тым людзям, якія працавалі ў дзяржапараце, а потым сталі ягонымі апанэнтамі. Ён разглядае дзяржаву як сваё асабістае ўнітарнае прадпрыемства, ці, дакладней, як прыватную вотчыну, а ўсіх чыноўнікаў — як сваіх прыгонных. І пераход дзяржслужбоўца ў апазыцыю — для Лукашэнкі гэта асабістая здрада. У часы прыгоннага права зьбеглых (якое знаёмае слова) сялян лавілі, каралі і вярталі назад у прыгон. Нешта падобнае адбываецца цяпер. Дарэчы, не выпадкова высокіх чыноўнікаў і сілавікоў за «здраду дзяржаве» можа паводле новага закону чакаць сьмяротнае пакараньне. Павал Латушка стаў самым высокапастаўленым чыноўнікам, які ў 2020 годзе перайшоў на бок народу. За гэта і пакараны.

Цікава, што ў гэты ж дзень, 6 сакавіка, павінен быў адбыцца аўкцыён па продажы трохпакаёвай кватэры ў Менску, якая належыць сям’і Ціханоўскіх. Але таргі не адбыліся, бо не знайшлося ахвотных яе купіць. І гэта вельмі адметна. Маем гэткі сацыялягічны малюнак. Людзі ведаюць, чыя гэта кватэра, і не сьпяшаюцца яе набываць. Ня толькі на знак салідарнасьці з апальнай сям’ёй. Шмат жа і «ябацек», якія шукаюць кватэры. Але і яны ня ўпэўненыя, што ў недалёкай будучыні яе не давядзецца вяртаць сапраўдным гаспадарам. То бок і ў іх няма ўпэўненасьці ў непарушнасьці існага парадку. Бо ўсё хістка, ненадзейна, нягледзячы на гэтыя вялізныя турэмныя тэрміны, якія, здавалася б, павінны надаць упэўненасьці прыхільнікам Лукашэнкі. Але ж не.

Вось жа і сумна знакаміты Андрэй Мукавозчык наракае на сваіх калег-прапагандыстаў, якія, паводле ягонай інфармацыі, насамрэч не падтрымліваюць жорсткі курс на «ачышчэньне» і «выяўленьне кожнага», бо «баяцца самавыдуманай большасьці». То бок нават прапагандысты разумеюць, што яны ў гэтай краіне — у меншасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG