Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Польшчы Сікорскі сустрэўся зь Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі. Варшава, 8 студзеня 2024
Сьвятлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі. Варшава, 8 студзеня 2024

Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца зь візытам у Варшаве 8–10 студзеня на запрашэньне прэзыдэнта Анджэя Дуды.

У Ціханоўскай праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі новага ўраду Польшчы і кіраўніцтвам парлямэнту.

Яе першая афіцыйная сустрэча прайшла зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

«Міністар выказаў поўную падтрымку для дэмакратызацыі, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і эўрапейскіх памкненьняў беларускага народу», — напісалі па выніках сустрэчы зь беларускай дэлегацуыяй у сацсетцы Х (былы твітэр) МЗС Польшчы.

Як паведамляе МЗС Польшчы, падчас размовы міністар Сікорскі падкрэсьліў прыхільнасьць Польшчы да падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, высока ацаніў цяперашнюю дэмакратычную дзейнасьць беларускіх апазыцыйных груп у выгнаньні і выказаў падтрымку дэмакратычным і эўрапейскім памкненьням краіны.

«Сустрэча стала нагодай падкрэсьліць польскую апазыцыю палітыцы ўладаў у Менску, якія пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года не спыняюць працу па ліквідацыі ўсіх праяваў незалежнасьці. Маштабы рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў рэжыму беспрэцэдэнтныя.

Польшча працягвае заклікаць беларускіх кіраўнікоў вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, які знаходзіцца пад вартай з сакавіка 2021 года, і спыніць рэпрэсіі супраць беларускага грамадзтва».

У плянах Ціханоўскай яшчэ сустрэчы зь міністрамі адукацыі і эўрапейскіх спраў, сьпікерамі Сэйму і Сэнату, прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам, разам зь якім яна возьме ўдзел у каляднай сустрэчы беларускай дыяспары ў Варшаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG