Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўднёвакарэйская выведка: Кім Чэн Ын рыхтуе з 10-гадовай дачкі пераемніцу


Лідэр КНДР Кім Чэн Ын і яго дачка Кім Чжу Э
Лідэр КНДР Кім Чэн Ын і яго дачка Кім Чжу Э

Юная дачка Кім Чэн Ына апошнім часам суправаджае яго паўсюль, ад ракетных выпрабаваньняў да вайсковых парадаў. Па дадзеных паўднёвакарэйскай выведкі (NIS), «хутчэй за ўсё», яна і стане ягонай пераемніцай, паведамляе ВВС.

Кім Чжу Э ўпершыню зьявілася на публіцы разам з бацькам у лістападзе 2022 году на выпрабаваньнях новай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты «Хвасон-17» і з таго часу прысутнічае на ўсіх важных мерапрыемствах. Па ўсім відаць, ёй каля 10 гадоў, хоць дакладныя даты нараджэньня ні Кіма, ні ягонай жонкі, ні дзяцей афіцыйна не аб’яўляліся.

«Грунтуючыся на пільным аналізе яе публічнай дзейнасьці і ўзроўні павагі, зь якім да яе ставяцца з самага пачатку яе зьяўленьня на публіцы, можна меркаваць, што Кім Чжу Э зьяўляецца найбольш верагодным пераемнікам, — гаворыцца ў заяве NIS. — Аднак мы працягваем разглядаць усе магчымасьці, паколькі Кім Чэн Ын адносна малады, у яго няма асаблівых праблем са здароўем, і існуе мноства зьменлівых фактараў».

Міністар узьяднаньня Рэспублікі Карэя Кім Ён Хо яшчэ ў сьнежні на прэсавай канфэрэнцыі даў падобную ацэнку сытуацыі зь пераемнікам у Паўночнай Карэі.

«Сталую ўвагу да дачкі Кім Чэн Ына можна разглядаць як сьведчаньне таго, што Паўночная Карэя сьпяшаецца прадэманстраваць свае намеры адносна пераемнасьці ўлады на фоне складаных унутраных абставін», — сказаў ён.

Вонкавыя назіральнікі за Паўночнай Карэяй, у сваю чаргу, адзначаюць, што мясцовыя СМІ, якія раней афіцыйна звалі Чжу Э Любімай дачкой Кіма, цяпер завуць яе Паважанай. Гэта самы ганаровы зварот: самога Кім Чэн Ына пачалі зваць «паважаным таварышам» толькі пасьля таго, як канчаткова вызначыўся ягоны статус будучага лідэра краіны.

Паўночнакарэйскім грамадзянам ад нараджэньня прышчапляюць думку, што ў жылах Кімаў цячэ ледзьве ня боская кроў і кіраваць краінай ім наканавана вышэйшымі сіламі. Так што можна не сумнявацца, што Кім Чэн Ын захоча працягнуць гэтую традыцыю, запэўніўшы, каб ля стырна стала чацьвёртае пакаленьне Кімаў.

На думку аналітыкаў, прадставіўшы сваю дачку шырокай публіцы ў такім раньнім узросьце, Кім Чэн Ын разьлічвае, што да моманту, калі да яе пяройдзе ўся паўната ўлады, да яе ўжо ўсе прывыкнуць, і яна зацьвердзіць за сабой становішча лідэра.

Ня выключана таксама, што Кім спадзяецца такім чынам пераадолець перадузятасьці супраць жанчын на кіраўнічых пасадах, якія глыбока ўкараніліся ў патрыярхальным паўночнакарэйскім грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG