Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім Чэн Ын заявіў аб падтрымцы вайны Расеі ва Ўкраіне і назваў яе «сьвятой барацьбой» за сувэрэнітэт


Кім Чэн Ын і Ўладзімір Пуцін перад двухбаковай сустрэчай на касмадроме «Ўсходні», 13 верасьня 2023
Кім Чэн Ын і Ўладзімір Пуцін перад двухбаковай сустрэчай на касмадроме «Ўсходні», 13 верасьня 2023

Сустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і лідэра КНДР Кім Чэн Ына адбываецца на касмадроме «Ўсходні», якія знаходзіцца ў Амурскай вобласьці Расеі.

Перад двухбаковымі перамовамі Ўладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын агледзелі аб’екты новага касмадрому: зборачны цэх ракеты-носьбіта касьмічнага ракетнага комплексу «Ангара», стартавы комплекс «Саюз-2» і стартавы комплекс, які будуецца для «Ангары».

На пачатку сустрэчы, калі прысутнічалі журналісты, Уладзімір Пуцін заявіў, што на перамовах плянуецца абмеркаваць «шмат пытаньняў».

«Нам, вядома, трэба пагаварыць аб пытаньнях эканамічнага ўзаемадзеяньня, аб пытаньнях гуманітарнага характару, аб сытуацыі ў рэгіёне», — заявіў Пуцін. Яго ўступнае слова апублікавалі на афіцыйным сайце Крамля.

У сваю чаргу лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын падзякаваў Пуціна за запрашэньне правесьці сустрэчу «менавіта ў сэрцы касьмічнай дзяржавы Расеі».

Палітык згадаў, што Савецкі Саюз адыграў вялікую ролю ў «вызваленьні» КНДР і атрыманьні незалежнасьці. «І цяпер для нашай краіны самым першым прыярытэтам ёсьць дачыненьні з Расейскай Фэдэрацыяй», — сказаў ён.

«Цяпер Расея паднялася на сьвятую барацьбу для абароны свайго дзяржаўнага сувэрэнітэту і абароны сваёй бясьпекі ў супрацьвагу гегеманістычным сілам, якія супрацьстаяць Расеі. І цяпер мы хочам і далей разьвіваць дачыненьні. Мы заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваем усе рашэньні прэзыдэнта Пуціна, таксама рашэньні ўраду Расеі. Таксама я спадзяюся, што мы заўсёды будзем знаходзіцца разам у барацьбе супраць імпэрыялізму і за будаўніцтва сувэрэннай дзяржавы», — заявіў Кім Чэн Ын.

Перад візытам Кім Чэн Ына ў Расеі аналітыкі папярэджвалі аб магчымай дамоўленасьці аб пастаўках КНДР боепрыпасаў для расейскай арміі ў абмен на касьмічныя тэхналёгіі для Пхэньяну: апошнія два гады Паўночная Карэя шалёнымі тэмпамі разьвівае праграму стварэньня балістычных ракет, у межах якой ужо адбыліся выпрабаваньні дзясяткаў ракет, у тым ліку міжкантынэнтальных балістычных.

З моманту прыходу да ўлады ў 2011 годзе Кім Чэн Ын толькі 10 разоў выяжджаў за мяжу. Апошні раз ён наведваў Расею ў красавіку 2019 году падчас паездкі ва Ўладзівасток, дзе ён упершыню сустрэўся з Пуціным на тле працяглага і нявырашанага крызісу вакол ядзернай праграмы Паўночнай Карэі і няўдалага дыялёгу паміж Пхэньянам і Вашынгтонам.

Тыдзень таму адміністрацыя ЗША папярэдзіла, што Паўночная Карэя «заплаціць высокую цану», калі заключыць з Расеяй пагадненьне аб пастаўках зброі, але не ўдакладніла магчымых наступстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG