Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане мужчыну асудзілі на 5 гадоў калёніі за ўдзел у вайне ва Ўкраіне: ён ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр»


Бекназар Баругул уулу (у цэнтры) падчас затрыманьня ў жніўні 2023 году
Бекназар Баругул уулу (у цэнтры) падчас затрыманьня ў жніўні 2023 году

Суд у Кіргізстане асудзіў на пяць гадоў зьняволеньня 27-гадовага мясцовага жыхара Бекназара Баругул уулу за ўдзел у вайне ва Ўкраіне ў складзе ПВК «Вагнэр», паведамляе кіргізская служба Радыё Свабода/Азаттык.

Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ў збройных канфліктах або ваенных дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы (артыкул 256 КК РК).

Адным з доказаў ягонай віны стала відэа, дзе ён апрануты ў вайсковую форму і трымае зброю. Акрамя гэтага, на відэа зафіксаваныя ўзнагароды мужчыны, як мяркуецца, атрыманыя за ўдзел у вайне, нейкія дакумэнты і сымболіка зь лягатыпам «Вагнэра».

Бекназара Баругул уулу затрымалі ў жніўні 2023 году, праз тры тыдні пасьля вяртаньня ў Кіргізстан, па падазрэньні ў найміцтве (частка 2 артыкула 416 КК РК). Паводле сьледзтва, у шэрагі ПВК «Вагнэр» ён уступіў, калі адбываў пакараньне ў адной з расейскіх турмаў.

Жонка арыштаванага расказвала Радыё Азаттык, што яе муж паехаў у Расею ў заработкі ў 2020 годзе, але праз год яго арыштавалі па падазрэньні ў перавозцы наркотыкаў. У 2021 годзе расейскі суд пакараў яго 10 гадамі зьняволеньня. У канцы 2022 году ён заключыў кантракт з ПВК «Вагнэр» і адправіўся на вайну ва Ўкраіну. У канцы ліпеня 2023 году, пасьля заканчэньня кантракту, вярнуўся ў Кіргізстан.

Гэта другі вядомы выпадак вынясеньня абвінаваўчага прысуду грамадзяніну Кіргізстану за ўдзел у вайне ва Ўкраіне. Паводле кіргізскай службы Радыё Свабода, у складзе расейскіх войскаў ва Ўкраіне загінулі сама меней 10 кіргізаў. Колькі яшчэ грамадзян Кіргізстану могуць знаходзіцца на вайне ва Ўкраіне ў складзе рэгулярных войскаў РФ або прыватных вайсковых кампаній, невядома.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG