Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 студзеня: украінку затрымалі за камэнтары; магілёўца, які прыехаў з-за мяжы, зноў арыштавалі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Жыхара Магілёва, які прыехаў наведаць бацькоў, арыштавалі двойчы запар за месяц. Паводле зьвестак праваабаронцаў MAYDAY, Уладзіслаў Петрачкоў у лістападзе вярнуўся ў Беларусь зь Нямеччыны, дзе працуе ўжо некалькі гадоў, каб наведаць бацькоў. Прыкладна празь месяц да яго прыйшлі міліцыянты і склалі пратакол за камэнтары ў інтэрнэце.

12 сьнежня яго асудзілі на 15 дзён арышту паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці»), ён адбываў пакараньне ў магілёўскім ІЧУ.

Аднак на волю пасьля гэтага мужчына ня выйшаў: пакуль ён знаходзіўся пад арыштам, міліцыя склала на яго новы пратакол за чарговую порцыю камэнтароў. 28 сьнежня Ўладзіслава паўторна асудзілі паводле таго ж артыкуле.

Як стала вядома праваабаронцам, Петрачкова у 2020 годзе затрымлівалі падчас пратэстаў, аднак палітычным актывістам ён ня быў.

Украінку затрымалі ў Беларусі за камэнтары

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал паведаміў аб затрыманьні грамадзянкі Ўкраіны, якая нібыта заклікала да распальваньня варожасьці.

На відэа жанчына расказала, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу, была падпісаная на «нядобрыя тэлеграм-каналы, дзе пісала ў камэнтарах абразьлівыя словы ў адрас уладаў і падтрымлівала ўкраінскіх нэанацыстаў»

Паводле затрыманай, яна мае беларускі ДНЖ.

На біяфаку БДУ затрымлівалі лябарантак: за манікюр, сьцяг і БЧБ-цацку

Рэпрэсіі не абышлі бокам факультэт, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка. «Нашай Ніве» стала вядома пра затрыманьні на біяфаку БДУ, якія адбыліся некалькі тыдняў таму.

На катэдры батанікі проста падчас працоўнага дня затрымалі дзьвюх лябарантак: на руках у адной зь іх пабачылі бел-чырвона-белы манікюр, другая ж мела на працоўным стале цацку з БЧБ-крыламі і ўкраінскі сьцяг.

Выглядае, што нехта данёс на жанчын і іх затрыманьне невыпадковае.

Адна зь лябарантак адбыла тэрмін у 15 дзён адміністрацыйнага арышту і выйшла на волю. Што з другой жанчынай і дзе яна знаходзіцца, пакуль невядома.

Затрымалі завадчаніна з Горадні

Яго вінавацяць у рэпостах матэрыялаў суполак, якія ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі».

Таксама ў відэа сілавікоў яго зьмушаюць сказаць, што ён нібы зарэгістраваўся ў чат-боце пляну «Перамога». Але ніякіх доказаў таго, што ён рэальна рэгістраваўся там, не прыводзіцца.

Затрыманага клічуць Максім Коршак, яму 25 гадоў, высьветліла «Наша Ніва». Пасьля школы скончыў Горадзенскі дзяржаўны тэхналягічны каледж. Раней Максім працаваў на «Заводзе Хімвалакно», які належыць да «Гродна Азота». Апошняе вядомае месца працы хлопца — ААТ «Гранітэкс», якое вырабляе пражу, ніткі і льновалакно.

Прыбіральшчыцу асудзілі за камэнтар да «хатняй хіміі» і вялікага штрафу

Стала вядома, што 5 сьнежня 2023 году ў судзе Ленінскага раёну Менску вынесьлі прысуд прыбіральшчыцы Натальлі Баўлінай, піша «Вясна». Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 2,5 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ («хатняй хіміі»). Таксама яна мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).

Прысуд агучыла судзьдзя Марына Клімчук. Жанчына прызнала віну, але адмовілася даваць сьведчаньні на судзе.

Баўліну судзілі за камэнтар у тэлеграм-канале «Беларусь за МКАДом» ад 1 верасьня, у якім яна нібыта абразіла намесьніка генпракурора Сяргея Хмарука. Менш чым празь месяц яе затрымалі: вядома, што Натальлю ўтрымлівалі пад вартай зь 30 верасьня 2023 году. Пасьля абвяшчэньня прысуду яе вызвалілі ў залі суда.

Кладаўшчыка асудзілі паводле «народнага» артыкулу

18 сьнежня 2023 году суд Фрунзенскага раёну Менску агучыў прысуд кладаўшчыку Паўлу Кастрыкіну. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» (абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ), даведаліся праваабаронцы «Вясны».

Мужчыну асудзілі за ўдзел у адным з маршаў у 2020 годзе. Ён прызнаў віну.

Прысуд вынесла судзьдзя Ала Скуратовіч. Да прысуду Павел знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі ў зале суда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG