Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 студзеня: у Берасьці асудзілі чыгуначніка, у Менску затрымалі адміністратарку закрытага тэлеграм-чату

абноўлена

Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Прысуд чыгуначніку

У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 6 сьнежня вынесьлі прысуд палітзьняволенаму чыгуначніку Максіму Кронду, якога абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Марына Скалковіч, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Кронду затрымалі 11 верасьня 2023 году і да суду ўтрымлівалі ў СІЗА № 7 Берасьця.

Паводле абвінавачаньня, Максім Кронда 18 верасьня 2021 году ў Telegram нібыта разьмясьціў у «Чаце Элехтарата», на які быў падпісаны, паведамленьне з абразьлівым выказваньнем у адрас Лукашэнкі.

Сілавікі таксама выявілі пры аглядзе яго мабільнага тэлефона, што Кронда нібыта быў падпісаны на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы».

Суд прызначыў яму 1 год калёніі агульнага рэжыму.

Сілавікі прымусілі на каленях выбачацца 21-гадовага затрыманага

У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася відэа затрыманьня 21-гадовага Данііла Драздовіча. Паведамляецца, што юнака затрымалі за тое, што кінуў пэтарду пад ногі сілавікам.

Маладзёна затрымалі на запраўцы супрацоўнікі САХР (спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня). Яго запхнулі ў мікрааўтобус, там жа ён на каленях «выбачыўся» перад сілавікамі.

Затрыманьне адміністратаркі закрытага каналу

ГУБАЗіК затрымаў адміністратарку закрытага тэлеграм-чату «ДС Грушевский квартал».

У гэтым тэлеграм-чаце абмяркоўваліся бытавыя пытаньні, аднак некаторыя яго ўдзельнікі, як сьцьвярджаецца, «пісалі пратэставую інфармацыю».

Паведамляецца, што затрыманая жанчына працуе ў агенцтве нерухомасьці. Пра затрыманьне даведаліся праваабаронцы.

Затрыманым у Шчучыне на «Гроднагаз» прысудзілі «суткі»

У сьнежні сілавікі паведамілі пра затрыманьні на «Гроднагаз» у Лідзе і Шчучыне за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у інтэрнэце. У студзені стала вядома, што затрыманых арыштавалі на 10 дзён. Вядома пра сама меней чатыры рашэньні за 18 сьнежня — яны зьявіліся ў банку судовых рашэньняў, паведамляе Hrodna.Life.

Асудзілі трох супрацоўнікаў і адну супрацоўніцу «Гроднагаз». У іх знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі, рэпосты і лягатыпы ў «Одноклассниках», Instagram і ВКонтакте.

Таксама ва ўсіх канфіскавалі тэлефоны як сродак учыненьня правапарушэньняў.

Іх судзілі ў выязным судовым пасяджэньні ў будынку РАУС. Зьмякчальнымі абставінамі палічылі раскаяньне супрацоўнікаў.

Беларуса, які прыехаў зь Нямеччыны наведаць бацькоў, ня выпусьцілі на волю пасьля 15 дзён арышту

У Магілёве напярэдадні Новага году пасьля 15 дзён арышту на волю ня выйшаў Уладзіслаў Петрачкоў. 28 сьнежня яго паўторна асудзілі па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі), паведамляе «Вясна».

Вядома, што Ўладзіслаў у лістападзе вярнуўся на радзіму зь Нямеччыны, дзе працуе ўжо некалькі гадоў, каб наведаць бацькоў. Прыкладна празь месяц да яго наведаліся міліцыянты і склалі пратакол за камэнтары ў інтэрнэце, піша @MAYDAYMog.

12 сьнежня Петрачкову прысудзілі 15 дзён арышту па артыкуле 19.11 КаАП. Пакуль ён знаходзіўся пад арыштам, міліцыя склала на яго новы пратакол за чарговую порцыю камэнтароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG